Глыбачане: Улада гэта ўжо надакучыла! Асноўны дзень галасавання ў Глыбокім
У Глыбокім у асноўны дзень выбараў 9 жніўня зранку ішло не вельмі шмат людзей, не тое, што ў мінулыя гады. Вялікая колькасць, у тым ліку маладых людзей і з сем’ямі пайшла пасля 18.00.
Паводле глыбачанаў, не ўсе яны вераць, што выбары сумленныя і празрыстыя. Але, як кажуць некаторыя з іх, яны пайшлі галасаваць, каб паказаць уладзе колькі з імі нязгодных:
– Ня веру, іду, і ў мяне мурашкі па скуры.Ой, як хочацца сумленных выбараў! Божа мой, раней былі выбары – ідзеш як на свята! А цяпер што? Ідзеш – ганьба, сорам! Заблакавалі інтэрнэт, не даюць людзям выявіць сваю волю.
– Пайшлі мы з-за таго, каб жыць было б лепш, каб пенсіі дабавілі б, заробкі. Цяжка нам жывецца пенсіянерам, лекі дарагія, усё. Хочацца чагосьці лепшага.
– Канешне, галасавалі. Улада гэта ўжо надакучыла, трэба яе ўжо мяняць, усё ж такі 26 год я пры ёй жыву. Хопіць! Я нічога добрага не бачыў.
– Каб тое рабіў, што абяцае. Абяцанні ён дае па тэлебачанні. Няхай бы так і рабіў, каб атрымлівалі мы і заробкі, і пенсіі годныя, бо нам, пенсіянерам, цяжка жыць.
– Мы прагаласавалі супраць.
У Глыбоцкім раёне было 29 выбарчых участкаў, 6 – у горадзе і 23 на раёне. Ужо на некаторых участках да абеду была паказаная яўка выбарцаў больш за 50 адсоткаў. Датэрмінова тых, хто прагаласаваў, было каля 30 %, а то і больш. У незалежных назіральнікаў былі зусім іншыя лічбы, меншыя ў некалькі разоў.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
***
У Глыбоцкім раёне 29 участкаў для галасавання, шэсць з іх знаходзіцца ў горадзе і 23 – на раёне. У асноўны дзень галасавання не ўсіх незалежных назіральнікаў дапусцілі назіраць на ўчасткі, некаторыя з іх, як заўжды, назіраюць па-за межамі ўчасткаў.
А восьмай раніцы, на пачатку асноўнага дня галасавання, выбарнікаў на ўчасткі прыйшло няшмат, ад 10 да 30 чалавек, у залежнасці ад участка.
Кажа наш карэспандэнт Таццяна Смоткіна:
– Напрыклад, на адзін з самых вялікіх участкаў №4, які месціцца на тэрыторыі малочна-кансервавага камбіната ішлі адзінкі і тое, у асноўным пасля працоўнай змены, наўпрост выходзілі з прахадной, паварочвалі налева і ішлі на ўчастак.
Пасля людзі заходзілі ў фірмовую краму-буфет, каб штосьці набыць. У краме было шмат акцый, то бок зніжак на розныя тавары, найбольш на мясныя і малочныя. Некаторыя работнікі МКК, якія бяруць тавар на спіс, жартавалі з прадаўцамі, што тым, хто прагаласаваў за Ціханоўскую, трэба сёння ўсё набываць бясплатна. Прадаўцы пагаджаліся, што нядрэнна было б .
Пад участкам пасля яго адкрыцця праз некалькі хвілін з’явілася жанчына з бэйджам «Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый», якая збіраецца праводзіць экзітпол. Але на кантакт з журналістам яна не пайшла, спаслаўшыся на інструкцыю, што ёй нельга ні з кім размаўляць.
Нешта падобнае адбывалася і на астатніх участках, зранку прыйшло няшмат чалавек, потым людзі пачалі падцягвацца. Увогуле, як выказваліся глыбачане, шматлікія з іх збіраюцца ісці галасаваць пад закрыццё ўчасткаў.
Але ж вядома, некаторыя глыбачане ў добраахвотна-прымусовым парадку ўжо прагаласавалі датэрмінова. Сярод іх міліцыянты, ваенныя, работнікі МЧС, выканкама і пенсіянеры.
Датэрміновая яўка на некаторых участках у Глыбокім склала каля 30 адсоткаў. Напрыклад, на ўчастку №2 датэрмінова прагаласавала 892 чалавекі з 2550 усіх выбарнікаў. Па падліках незалежных назіральнікаў, там прагаласавала датэрмінова 416 чалавек.
За гадзіну працы ўчастка №2 у Глыбокім незалежныя назіральнікі налічылі больш за 90 чалавек. А на пачатку адзінаццатай гадзіны, па падліках назіральнікаў, участкі наведала ўжо 239 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае