Віцебскія незалежныя назіральнікі – зноў на вуліцы
Паводле афіцыйных вынікаў датэрміновага галасавання, у Віцебскай вобласці свае галасы за кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду аддалі амаль 40% выбаршчыкаў. Каб выбары адбыліся, трэба, каб сёння прагаласавалі не менш як 11%. І людзі ідуць на ўчасткі досыць актыўна. Некаторыя – з белымі стужкамі, іх няшмат, але яны прыходзяць на ўчасткі цэлымі групамі або сем’ямі.
Але раніца нядзелі не прынесла аніякіх зрухаў у становішчы незалежных назіральнікаў. Іх па-ранейшаму не пускаюць назіраць на ўчасткі, дзе назіранне вядуць прадстаўнікі ад праўладных грамадскіх арганізацый. Паўсюль іх па 5 чалавек – гэта той максімум, які зацвердзіў ЦВК, апраўдаўшыся захадамі супраць каронавіруса.
Праваабаронцы паведамляюць, што з учорашняга вечара некалькі незалежных назіральнікаў знаходзяцца за кратамі, такія выпадкі зафіксаваны ў Віцебску і Полацку. Назіральнікаў вінавацяць у хуліганстве, і ў панядзелак над імі адбудуцца судовая працэсы паводле артыкула 17.1 КаАП. Сёння пра выпадкі затрыманняў назіральнікаў пакуль не вядома, але назіранне яны вядуць у складаных умовах: падлічваюць яўку выбаршчыкаў па-за межамі ўчасткаў і нават будынкаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск