Паводле папярэдніх дадзеных ЦВК: Лукашэнка 80.23%, Ціханоўская 9.9%



Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, на выбарах прэзідэнта Беларусі дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка набраў 80,23% галасоў, паведаміла на брыфінгу раніцай 10 жніўня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Усяго ўдзел у галасаванні прыняло 5.798.908 чалавек (84,23%).

Паводле папярэдніх звестак ЦВК, за Лукашэнку свой голас аддалі 4.652.423, за Святлану Ціханоўскую — 574.312 (9,9%), за Ганну Канапацкую — 97.926 (1,68%), Андрэя Дзмітрыева — 60.543 (1,04%), Сяргея Чэрачня — 65.784 (1,13%), супраць усіх — 6,02% выбаршчыкаў.

Ярмошына адзначыла, што гэта „папярэднія звесткі”. „Але не думаю, што яны істотным чынам зменяцца”, — сказала кіраўнік ЦВК.

„Папярэднія вынікі выбараў атрымліваліся літаральна ў ручным рэжыме з-за таго, што Цэнтральная камісія, па меншай меры я з аналітыкам, нас было толькі двое, у гадзіну ночы былі эвакуяваныя з Дома ўрада. Таму мы не прымалі вынікі. Мы прынялі іх літаральна напярэдадні брыфінгу”, — падкрэсліла Ярмошына.

Вечарам 9 жніўня ў Менску і іншых гарадах прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Праваабаронцы паведамляюць пра не менш чым 120 затрыманых, у тым ліку больш за 60 — у сталіцы. Сілавікі прымянялі святлошумавыя гранаты, гумовыя кулі і вадамёт.

Кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч раніцай 10 жніўня паведаміў аб распачынанні спраў па розных частках арт. 293 КК „па фактах масавых беспарадкаў і гвалту ў дачыненні да міліцыі”, якія „мелі месца на тэрыторыі горада Менска і шэрагу іншых рэгіёнаў краіны сёння ноччу”. „Адказнасць за гэтыя дзеянні адпаведна — да 8 і 15 гадоў пазбаўлення волі”, — сказаў старшыня СК.

belapan.by