На акцыі пратэсту ў Менску загінуў адзін з удзельнікаў



Як стала вядома праваабаронцам „Вясны”, у Менску загінуў адзін з удзельнікаў акцыі пратэсту, якая праходзіла ўвечары і ноччу з 9 на 10 жніўня ў Менску.

Малады чалавек атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, несумяшчальную з жыццём у выніку наезда на яго спецтэхнікі на праспекце Пераможцаў. Медыкі хуткай дапамогі, якія прыехалі на месца здарэння, не змаглі яго ўратаваць. У сацсетках пішуць, што загінуў Яўген Заічкін, 1994 года нараджэння.

Таксама па звестках „Вясны”, у менскіх лякарнях знаходзяцца дзясяткі пацярпелых падчас акцыі. Вядома, што два аддзяленні вайсковага шпіталі заняты параненымі. Таксма пацярпелыя знаходзяцца ў Бальніцы хуткай медычнай дапамогі і ў 6 бальніцы Менска.

Праваабаронцы „Вясны” Валянцін Стэфановіч адзначае, што ўся адказнасць за трагічныя падзеі ўчорашняга вечара поўнасцю ляжыць на Міністэрстве ўнутраных спраў, Савеце бяспекі Беларусі. Менавіта іх дзеянні прывялі да трагічных наступстваў.