У Гародні сваякі шукаюць сваіх блізкіх, якіх затрымала міліцыя
У Гародні з самага ранку людзі шукаюць сваякоў ды блізкіх, якія не вярнуліся да раніцы дамоў, паведаміў праваабаронца „Вясны” з Гародні Віктар Сазонаў.
Сотні тэлефонаў паступаюць сёння ў гарадзенскую „Вясну” з пытаннямі, як знайсці сваіх блізкіх. Гарадзенцы скардзяцца, што іх адсылаюць з аднаго РАУСа ў іншы, не даючы інфармацыі. Праваабаронцы раяць, каб тыя, хто шукае сваіх блізкіх, складалі ў РАУСах афіцыйныя пісьмовыя заявы пра людзей, якіх ноччу захапілі і яны не ведаюць дзе іх шукаць.
Віктар Сазонаў таксама паведаміў, што сотні людзей стаяць пад ізалятарамі на вуліцы Гая і на Кірава.Там таксама не даюць ніякай інфармацыі пра затрыманых, не прымаюць таксама перадачаў, нават вады затрыманым. На Кірава адмовіліся прымаць нават лекі, там сказалі, што ў ізалятары дзяжурыць „хуткая дапамога” і затрыманых забяспечваюць лекамі.
Да гэтай пары адсутнічаюць лічбы па колькасці затрыманых. Паводле Віктара Сазонава, іх можа быць за сотню. У Беларусі з ночы не працуе інтэрнэт, няма доступу да незалежных сайтаў. Гарадзенцы звоняць знаёмым у Беласток, каб даведацца што адбываецца. Радыё Рацыя ад учора ў некаторых месцах Гарадзеншчыны працуе з перабоямі. Цяпер, паводле Сазонава, гэта адна з нешматлікіх непадкантрольных дзяржаве крыніц інфармацыі.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя