У Гародні судзяць затрыманых



У Гародні праходзіць шэраг адміністрацыйных працэсаў у памяшканні Кастрычніцкага РАУС, да якога прымыкае ізалятар часовага ўтрымання. Ноч у ім правяло больш за 350 затрыманых АМАПам чалавек.

Кажа адзін з асуджаных (суддзём Юрыем Казакевічам), якога асудзілі паводле адміністрацыйнага кодэксу за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

– Справа ў тым, што Савецкую плошчу атачыў АМАП, яны фактычна закрыў далягляд сваімі каскамі і кідаліся на людзей. Каля 9 гадзін вечара. Звычайна папярэджваюць, што гэта несанкцыянаваная акцыя, трэба разысціся. Але гэтага не было. Чыстай вады засада. Вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу, прысудзілі 10 базавых. Ужо быў суд. Суддзя прыехаў прама на Гая і там судзіць астатніх. У пакоі было чатыры “шконкі” і на іх размяшчалася 12 чалавек.

Абсурд сітуацыі ўжо ацэньваюць праваабаронцы: толькі за тое, што грамадзяне прыйшлі с законным правам даведацца пра вынік галасавання – улады адказалі рэпрэсіямі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя