Затрыманы Алег Баразна, віцебскі валанцёр каманды Святланы Ціханоўскай



У абед 10-га жніўня ён паведаміў сябрам, што яго выклікаюць у аддзел міліцыі Кастрычніцкага раёна. Сказаў, што нібыта толькі на гутарку,  але пасля 14-й дня ён перастаў выходзіць на тэлефонную сувязь. 

Да самага вечара так і не было вядома, дзе знаходзіцца Алег Баразна, кажа ягоная сяброўка Таццяна Філімонава:

– Я тэлефанавала ў ізалятар часовага ўтрымання – мне сказалі, што яго не прывезлі. Тэлефанавала ў РАУС, там сказалі, што ён яшчэ ў іх. Не разумею, што адбываецца: звычайна тры гадзіны, пратакол, і ўсё – ці вязуць у ІЧУ, ці адпускаюць. У чалавека на ўтрыманні непаўнагадовае дзіця, ён удавец. Нічога не слухаюць. А потым у РАУСе ўвогуле кінулі слухаўку, маўляў, чаго сюды тэлефануеце.

Паводле папярэдніх звестак, Алега Баразну могуць прызнаць вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах – паводле артыкула 23.34 КаАП, падчас апошняй выбарчай кампаніі яго ўжо не аднойчы каралі штрафамі. Калі над актывістам адбудзецца суд, таксама не вядома.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск