Акцыя пратэсту ў Бярозе



Пасля выбараў у Бярозе пачаліся акцыі пратэстаў супраць вынікаў выбараў.

Грубыя фальсіфікацыі, якія адбываліся на ўчастках, нядопуск незалежных назіральнікаў да назірання стаў прычынай пратэстнага настрою. Колькасць пратэстуючых 10 жніўня павялічылася да 500 чалавек.  Нават пры адсутнасці інтэрнэту людзі выходзяць, каб абараніць свае галасы. Людзі кажуць, што   катэгарычна не хочуць бачыць Лукашэнку прэзідэнтам:

– Трэба ў краіне наводзіць парадак. Таму мы сюды і прыйшлі.

– Надакучыла гэтая хлусня ўладаў. Надакучыла ўся гэтая абстаноўка, бо колькі можна хлусіць, колькі нас можна прыніжаць. Сітуацыя вельмі кепская. 21 стагоддзе, мы жыве ў Еўропе, а мы як рабы, рэальныя рабы. Проста сорамна нам усім.

Паводле сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржука Русецкага, людзям нічога не засталося, як выйсці на мірную плошчу. Іншага выхаду для абароны сваіх скрадзеных галасоў няма. 

– Спачатку была размова, больш за паўгадзіны, з маёрам АМАПаўцаў, які, відаць, кіраваў імі. І які спрабаваў пераканаць людзей, што тут нічога яны не дамогуцца, каб разыходзіліся. Але, паколькі ён вайсковец, ён выканае свой загад. У выніку спецназаўцы выканалі свой загад.

Увесь рэпартаж у далучаным файле:

АМАП, які прыслалі ў Бярозу з Баранавіч, жорстка разагнаў удзельнікаў акцыі. Некалькі разоў чуліся выбухі светла-шумавых гранат, людзей жорстка збівалі, кідалі ў аўтазакі, разбівалі аўто, якія праязджалі побач.

Беларускае Радыё Рацыя