Эстонія заклікае ўлады Беларусі спыніць любое ўжыванне сілы



Развіццё сітуацыі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў выклікае неспакой, заявіў кіраўнік МЗС Эстоніі Урмас Рэйнсалу. Тэкст яго заявы размешчаны на сайце эстонскага знешнепалітычнага ведамства.

„Мы асуджаем ўсе палітычныя рэпрэсіі і гвалт у дачыненні да беларускай апазіцыі, — сказаў Рэйнсалу. — Арганізаваныя апазіцыяй мірныя пратэсты былі жорстка задушаныя. У выніку пратэстаў загінуў адзін чалавек і некалькі дзясяткаў атрымалі раненні”.

Рэйнсалу падкрэсліў, што Эстонія заклікае беларускія ўлады спыніць любое ўжыванне сілы і рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў. „Замест гвалту беларускія ўлады павінны пачаць мірны дыялог з грамадзянамі і аднавіць іх давер. Захаванне свабоды слова і сходаў у Беларусі мае першараднае значэнне”, — сказаў ён.

Рэйнсалу адзначыў, што выбары, якія прайшлі ў Беларусі, „нельга лічыць свабоднымі, сумленнымі і дэмакратычнымі”.

„Эстонія падтрымлівае заклік Польшчы склікаць пазачарговую сустрэчу Еўрапейскага савета для абмеркавання сітуацыі ў Беларусі”, — сказаў міністр.

Прэзідэнт Эстоніі Керсці Кальюлайд таксама заклікала афіцыйны Менск устрымацца ад гвалту ў дачыненні да беларускіх грамадзян. „Заклікаю ўлады Беларусі ўстрымацца ад ужывання сілы супраць мірных дэманстрантаў, паважаць свабоду слова і правы чалавека, таму што так мы робім у Еўропе, — напісала яна ў сваім „Твітэры”. — Гэта час для дыялогу — адзінага шляху да дэмакратычнага і справядлівага грамадства”.

belapan.by