Віцебскі ІЧУ перапоўнены, але пратэстоўцаў затрымліваюць штодня



На трэці дзень грамадскіх пратэстаў у Віцебску колькасць незадаволеных людзей на вуліцах зменшылася. Затое відавочна пабольшала АМАПу  і прадстаўнікоў унутраных войскаў, аўтазакаў і адмысловых аўтобусаў для затрыманых.

Гэты спецаўтатранспарт ездзіць па горадзе калонамі ў суправаджэнні ДАІ, АМАПаўцы штовечар ладзяць засады ў прахадных дварах у цэнтральных раёнах горада. Міліцыя распачала паляванне на актывістаў – тых людзей, якія раней былі  асуджаныя за ўдзел у агітацыйных пікетах падчас выбарчай кампаніі. Такім чынам у аўтазак трапіла Таццяна Філімонава:

– Мы сядзелі, каву пілі – на вуліцы столікі, мы за імі сядзелі. Падышлі два “касманаўты”, ім па рацыі сказалі, што там Філімонава. Пад рукі – і ў аўтазак. Паездзілі яшчэ па горадзе, кагосьці яшчэ прыхапілі. Прывезлі ў ІЧУ, там аформілі, пратакол я не падпісвала. Напісалі “мела намеры, скандавала, пляскала ў ладкі, усё такое”.

Таццяну Філімонаву ўрэшце адпусцілі дахаты, бо яна адна выхоўвае непоўнагадовае дзіця. Лёс затрыманага разам з ёй Паўла Шаўчэнкі пакуль не  вядомы. Гэтаксама невядома пра лёс затрыманай увечары 11-га жніўня каардынатаркі “Страны для жизни” Юліі Барсуковай, якую дзень таму адпусцілі з ІЧУ, а цяпер зноўку затрымалі – разам з мужам і двума сябрамі, калі яны ехалі ў аўтамабілі. Затрыманні працягваюцца, хаця віцебскі ізалятар часовага ўтрымання перапоўнены, і суды не паспяваюць разбіраць справы нават тых, каго затрымалі яшчэ 9-га жніўня, у першы дзень пратэстаў. Выраку дагэтуль чакаюць незалежны журналіст Ігар Мацьвееў, грамадскія актывісты Алег Паўлаў, Аляксандр Мацяюк  і Мікалай Качурэц, а таксама некалькі дзясяткаў простых гараджан, якіх схапілі ў той вечар. Іх сваякі штодня чакаюць каля ІЧУ, каб даведацца пра лёсы сваіх блізкіх.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск