10 сутак – за спробу асвятлення пратэстаў
Віцебскі журналіст Зміцер Казакевіч, якога затрымалі ўвечары 9-га жніўня, ужо 3-я суткі знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
Разам з Вячаславам Лазаравым яны спрабавалі зняць відэа, як на плошчы Перамогі ў абласным цэнтры АПАМ хапае людзей і кідае іх у аўтазакі. Праз лічаныя хвіліны яны самі апынуліся за кратамі, распавядае відэааператар Вячаслаў Лазараў:
– Да нас падышоў супрацоўнік, запатрабаваў, каб мы выдалілі здымкі, я адмовіўся. Тады ён запатрабаваў, каб мы падышлі да аўтазака, паклікаў падпалкоўніка, спытаў, што з намі рабіць. Той, падобна, нас пазнаў. Хаця я ад самага пачатку казаў, што мы журналісты, Зміцер Казакевіч таксама. Міліцыянт сказаў “Пакуйце іх!” Нейкія два амбалы запхалі нас, і ўсё.
Вячаслава Лазарава адпусцілі праз 8 гадзінаў, а Змітра Казакевіча пакінулі пад вартай. На думку калегі, ён мог падацца больш небяспечным, бо прынцыпова размаўляе па-беларуску, і гледачы “Белсата” часта бачаць яго на экранах. Тым не менш, пастанова пра 10-суткавы арышт была нечаканай: многім затрыманым прысуджалі толькі штрафы. Да ўсяго, журналіст не браў удзелу ў пратэстах, а толькі выконваў свае прафесійныя абавязкі, падкрэслівае яго жонка Ірына Казакевіч:
– Чалавек проста пайшоў рабіць сваю працу. Я была пераканана, што ўбачу свайго мужа хаця б на наступны дзень, без аніякіх пытанняў. Але далі 10 сутак. Спрабавала яму нешта перадаць – чалавек пайшоў, апрануты па-летняму, з сабой не было ні вады, ні цёплага адзення… Перадачы адмаўляюцца прымаць.
Перадачы не прымаюць, бо міліцэйскае кіраўніцтва вобласці абвясціла “адмысловае становішча” ў віцебскі ІЧУ. Пад вартай застаецца і яшчэ адзін незалежны віцебскі журналіст Ігар Мацьвееў. Ён быў таксама затрыманы 9-га жніўня, калі фатаграфаваў падзеі на віцебскіх вуліцах. Суд над ім мае адбыцца 12-га жніўня.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск