Заява-пратэст ТБМ у сувязі з затрыманнямі мірных людзей



Поўны тэкст заявы:

9 жніўня ў нашай краіне адбыліся так званыя “прэзідэнцкія выбары”. Ад самага пачатку ТБМ выказвалася пра фальш і прававыя прабелы ў правядзенні гэтай кампаніі. Мы не бачылі сярод прэтэндэнтаў нікога, з кім маглі б супрацоўнічаць і чыю кандыдатуру хацелі б падтрымаць.

Тым не менш, дзеля забеспячэння справядлівасці падчас галасавання наша арганізацыя накіравала 650 назіральнікаў толькі ад галаўной арганізацыі. Мясцовыя арганізацыі рабілі гэта самастойна.

Ужо падчас самой выбарнай кампаніі было зразумела, што ўлада не збіраецца прытрымлівацца ні міжнародных стандартаў, ні якіх бы там не было агульнапрынятых правілаў. Аднак у выніку галасавання народ выразна і недвухсэнсоўна выказаў сваю пазіцыю адносна змены ўлады. Сябры нашай арганізацыі сумленна і прынцыпова выконвалі свае абавязкі назіральнікаў, не перавышаючы паўнамоцтваў. Раззлаваныя ўлады, якім сарвалі радасць чарговай “элегантнай перамогі”, накінуліся на безаабаронных людзей. На людзей, якія не паверылі афіцыйным звесткам і выйшлі на вуліцы патрабаваць праўды. Тое, як з імі абыходзіліся і абыходзяцца “служкі закона”, не паддаецца разумнаму асэнсаванню.

Сярод затрыманых шмат сяброў нашай арганізацыі, у прыватнасці, намеснік старшыні ТБМ Дзяніс Тушынскі, кіраўнік Магілёўскай гарадской арганізацыі Алег Дзьячкоў, сябра ТБМ Міхаіл Пляхневіч.

ТБМ рашуча пратэстуе супраць пераследу і затрыманняў як сяброў нашай арганізацыі, так і ўсіх сапраўдных патрыётаў Беларусі. Мы далучаемся да думкі грамадскасці патрабуем неадкладнага вызвалення затрыманых грамадзян, а таксама правядзення новых сапраўдных выбараў.

Старшыня ТБМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў шостага склікання Алена Анісім