Збягаючы ад міліцыі, раварыст быў збіты таксоўкай
Непадалёк ад месца забойства пратэстоўца ў Менску, каля станцыі метро Пушкінская каля 9 гадзінаў вечара пад машыну трапіў раварыст, які праскочыў кардон міліцыі, што ачапляў увесь прылягаючы раён. Збягаючы, раварыст выскачыў на праезную частку праспекта Пушкіна і быў збіты таксоўкай. Выратавала хлопца тое, што ён быў у шлеме. Але пашкоджанні атрымаў, паколькі ўдар быў моцны. Яго амаль адразу падабрала нейкая выпадковая машына і звезла ад міліцыі, якая не паспела схапіць хлопца.
Кажа відавочца:
– Збілі чалавека на ровары, за ім беглі міліцыянты, але нічога, відаць жывы. З роварам быццам таксама ўсё нармальна.
Ровар так і застаўся на месцы здарэння.
Каля станцыі метро Пушкінская, на месцы гібелі дэманстранта, створаны стыхійны мемарыял. Людзі нясуць туды шмат кветак. Міліцыя затрымлівае некаторых з тых, хто спрабуе ўскласці кветкі. І перыядычна знішчае мемарыял.
Беларускае Радыё Рацыя