Затрымалі звыш 1000 чалавек, у Берасці «стралялі на паражэнне»



Міністэрства ўнутраных справаў паведаміла пра акцыі пратэсту мінулай ноччу: «Адзначаны ачаговыя зборы грамадзян у 25 населеных пунктах».

«У сталіцы і шэрагу буйных гарадах мелі месца асобныя спробы перакрыцця руху грамадскага транспарту, а таксама факты адкрытага супрацьстаяння органам парадку», – піша МУС.

Распачалі 17 крымінальных справаў, затрымалі звыш тысячы чалавек. Са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя МУС піша, што да медыкаў звярнуўся 51 грамадзянін, а 14 міліцыянтам і вайскоўцам унутраных войскаў нанеслі «цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжару».

Асобна МУС згадвае акцыі на вуліцы Прытыцкага ў Менску, «наезд на вайскоўца» ў Жодзіне, «напад на супрацоўнікаў міліцыі» ў Берасці, кіданне ў бок міліцэйскай машыны ў Жабінцы «кактэйля Молатава».

«У Берасці на супрацоўнікаў міліцыі напала група агрэсіўных грамадзян са зброяй у руках, – сцвярджае МУС. – Папераджальныя стрэлы іх не спынілі. Для абароны жыцця і здароўя супрацоўнікаў зброя была ўжытая на паражэнне. Адзін з тых, хто нападаў, быў паранены».

Прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава паабяцала ўдакладніць, з якой зброі стралялі на паражэнне.

Беларускае Радыё Рацыя