Уладзімір Співакоў адмовіўся ад ордэна, якім яго ўзнагародзіў Лукашэнка



Савецкі і расейскі дырыжор і скрыпач Уладзімір Співакоў адмовіўся ад ордэна Францыска Скарыны, якім яго ўзнагародзіў у 2014 годзе Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта Співакоў паведаміў у адкрытым лісце да Лукашэнкі, які апублікавалі шэраг расійскіх СМІ, у тым ліку газета „Коммерсант”.

Народны артыст СССР заявіў, што яму сорамна насіць ордэн, звязаны з праўленнем Лукашэнкі, „які стварыў для свайго народа ўмовы жыцця, несумяшчальныя з гуманізмам і дэмакратыяй”.

„Сёння на вашым „свяце” пануе цемрашальства, тыранія, гвалт і бясконцыя прыклады крайняй жорсткасці, з якой улады душаць волевыяўленне мноства грамадзян па ўсёй краіне… Сёння маё сэрца б’ецца ва ўнісон з народам Рэспублікі Беларусь, які правамерна патрабуе захавання элементарных правоў і свабод, уключаючы права на мірныя пратэсты. Таму ў гэтай сітуацыі я вымушаны адмовіцца ад ордэна, якім вы мяне раней узнагародзілі. Мне сорамна насіць яго, таму што гэта звязана з вашым праўленне”,— звярнуўся да Лукашэнкі дырыжор.

Співакоў нагадаў, што шматкроць выступаў у Мінску і іншых гарадах Беларусі, а 10 гадоў таму стварыў фестываль „Уладзімір Співакоў запрашае”, дзякуючы якому ў Рэспубліку „прыязджалі выбітныя артысты свету, славутыя балетныя трупы, унікальныя харавыя калектывы”.

„Ваша „чорная” сіла — гэта ваша вялікая слабасць. Людзі нараджаюцца для таго, каб іх любілі, а не прыніжалі і тым больш калечылі. Вы, верагодна, чулі пра тое, што „тыя, хто плакалі, суцешацца”? Так і будзе!”— сказаў артыст.

Співакоў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны за асаблівыя заслугі ў галіне гуманітарнай і дабрачыннай дзейнасці, поспехі на глебе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, а таксама абароне чалавечай годнасці і правоў грамадзян Беларусі. Узнагарода была заснаваная ў 1995 годзе, за 25 гадоў ёю адзначаны 230 чалавек.

9—11 жніўня ў Мінску і іншых гарадах Беларусі прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Сілавікі ўжывалі супраць дэманстрантаў святлошумавыя гранаты, гумовыя кулі і вадамёт. У другую ноч пратэстоўцы ў Мінску будавалі барыкады на праезнай частцы, накіроўвалі ў бок сілавікоў феерверкі, кінулі ў іх бок некалькі „кактэйляў Молатава”. Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, у бальніцах знаходзяцца больш за 250 чалавек, якія пацярпелі падчас акцый пратэсту. Адзін дэманстрант загінуў. МУС паведамляе аб 74 пацярпелых супрацоўніках органаў унутраных спраў і вайскоўцаў унутраных войскаў, частка з іх шпіталізаваныя. За ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах затрымана больш за 6 тысяч чалавек.

belapan.by

Фота: РИА Новости