Штаб Віктара Бабарыкі адхіліў абвінавачанні ў арганізацыі акцый пратэсту
Штаб экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыкі адхіліў абвінавачанні ў датычнасці да арганізацыі акцый пратэсту.
Днём 12 жніўня ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1” было заяўлена: „Устаноўлена шмат фактаў, якія пацвярджаюць, што прадстаўнікі штаба экс-кіраўніка „Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі ажыццяўлялі арганізацыю, каардынацыю і фінансаванне масавых беспарадкаў у Беларусі, а таксама правакавалі іх удзельнікаў на агрэсіўнае супрацьдзеянне органам правапарадку”.
„Адносна гэтых абвінавачанняў у эфіры тэлеканала „Беларусь 1″ мы можам пракаментаваць, што штаб Віктара Бабарыкі і ўсе прадстаўнікі штаба, упаўнаважаныя рабіць публічныя заявы, заўсёды казалі аб выкарыстанні толькі законных і мірных дзеянняў у межах выбарчай кампаніі і па-за ёй”, — заявіла ў відэазвароце каардынатар штаба Марыя Калеснікава. Зварот размешчаны ў телеграм-канале экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта.
Калеснікава адзначыла, што за апошнія дні страчаная сувязь з многімі валанцёрамі. Аб пяцярых з іх ёсць інфармацыя, што яны затрыманыя.
„Мы неаднаразова заяўлялі пра неабходнасць спынення гвалту і лічым, што адказнасць за тое, што адбываецца, ляжыць на беларускіх уладах, — падкрэсліла Калеснікава. — У пратэстаў няма каардынатараў і лідараў, яны ўзнікаюць стыхійна ва ўсіх гарадах як рэакцыя на падман, хамства і прымяненне гвалту з боку ўлады. Беларусаў падманулі, і іх абурэнне цалкам вытлумачальнае. Гвалт ужываюць улады, і мы заклікаем іх адмовіцца ад прымянення сілы і рэпрэсій у дачыненні да мірных грамадзян і не ладзіць майданы на вуліцах гарадоў”.
Яна заявіла, што „ўсім беларусам патрэбная багатая, спакойная і мірная краіна, дзе да выбару грамадзян будуць ставіцца з павагай”.
Паводле звестак ЦВК, на выбарах прэзідэнта Беларусі дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка набраў 80,08% галасоў выбаршчыкаў, Святлана Ціханоўская — 10,09%, Ганна Канапацкая — 1,68%, Андрэй Дзмітрыеў — 1,21%, Сяргей Чэрачэнь — 1,15%, супраць усіх выказаліся 4,6% выбаршчыкаў.
9—11 жніўня ў Менску і іншых гарадах Беларусі прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Сілавікі ўжывалі супраць дэманстрантаў святлошумавыя гранаты, гумовыя кулі і вадамёт. У другую ноч пратэстоўцы ў Мінску будавалі барыкады на праезнай частцы, накіроўвалі ў бок сілавікоў феерверкі, кінулі ў іх бок некалькі „кактэйляў Молатава”. Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, у бальніцах знаходзяцца больш за 250 чалавек, якія пацярпелі падчас акцый пратэсту. Адзін дэманстрант загінуў.