Больш за 200 урачоў узялі ўдзел у акцыі ў Менску супраць гвалту (абноўлена)
Больш за 200 урачоў — выпускнікоў БДМУ, якія працуюць у розных лячэбных установах, узялі ўдзел у акцыі ў Менску супраць гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў.
Акцыя прайшла каля Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта на праспекце Дзяржынскага з 19.00 да 20.00. Медыкі былі апранутыя ў белыя халаты, некаторыя з іх трымалі транспаранты і плакаты „Спыніце гвалт”, „Не нашкодзь”, „Хопіць крыві”, „Мы за мір”.
Адна з удзельніц падкрэсліла, што гэта не палітычная акцыя, а заклік спыніць гвалт з боку сілавікоў у дачыненні да мірных грамадзян.
Падчас акцыі супрацоўнік РНПЦ хірургіі і транспланталогіі заявіў, што за апошнія дні хірургі „наглядзеліся на шмат траўмаў”. „Такога раней ніколі не было, ужо далей глядзець немагчыма. Мы выйшлі, каб нас пачулі тыя, хто адказны за тое, што цяпер робіцца ў краіне, каб яны і паспрабавалі вырашаць пытанні мірнымі спосабамі. Трэба, каб улады пайшлі на мірны дыялог з народам”, — сказаў хірург.
Да ўдзельнікаў акцыі прыехаў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Ён запрашаў іх на сустрэчу ў будынак БДМУ, але ўрачы адмовіліся.
Акцыя прайшла без інцыдэнтаў. Медыкі выказалі намер і далей пратэставаць супраць жорсткасці сілавікоў.
* * *
Стыхійная акцыя супраць гвалту праходзіць зараз на сталічным праспекце Дзяржынскага каля Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта.
Як растлумачыў супрацоўнік РНПЦ хірургіі і транспланталогіі ў жывой трансляцыі „Еўрарадыё”, за апошнія дні хірургі „наглядзеліся на шмат траўмаў”. „Такога раней ніколі не было, ужо далей глядзець немагчыма. Мы выйшлі, каб нас пачулі тыя, хто адказныя за тое, што зараз робіцца ў краіне, каб яны і паспрабавалі вырашаць пытанні мірнымі спосабамі. Трэба, каб улады пайшлі на мірны дыялог з народам”, — сказаў хірург.
Паралельна з правядзеннем акцыі медыкаў у тэлеграм-канале Міністэрства аховы здароўя з’явілася наступнае паведамленне: „Паважаныя калегі! Мы разумеем, што ўся медыцынская супольнасць Беларусі вельмі занепакоеная сітуацыяй, якая адбываецца цяпер у нашай краіне. Заклікаем усіх людзей у белых халатах захоўваць спакой. Усе канфлікты можна вырашаць шляхам перамоў і абмеркаванняў. Прапануем прадстаўнікам тых калектываў, дзе ёсць нявырашаныя праблемы, звярнуцца ў Міністэрства аховы здароўя і Беларускі прафесійны саюз работнікаў аховы здароўя”.
„Што да аказання планавай і экстраннай дапамогі, то ні адзін лекар ці медсястра ў краіне не адмовіцца аказаць медыцынскую дапамогу грамадзяніну, які ў ёй мае патрэбу. Пасты пра тое, што медыкі адмаўляюць у дапамозе, з’яўляюцца ананімнымі. Іх меркаваныя аўтары запэўніваюць, што гэтая інфармацыя, гэтак жа як і заклікі збірацца на вуліцах і выстаўляць нейкія публічныя патрабаванні, прыйшлі з узламаных акаўнтаў і не адпавядаюць рэчаіснасці”, — пішуць прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя.
Фота: НН