У Гомелі пасля затрымання памёр 25-гадовы хлопец



У Гомельскай абласной туберкулёзнай бальніцы памёр 25-гадовы Аляксандр Віхор, жыхар Гомеля.

Ілюстрацыйнае фота

Падрабязнасці БелаПАН паведаміла яго маці: „Саша ў нядзелю (9 жніўня. — БелаПАН.) увечары паехаў да дзяўчыны на спатканне. Ён не ўдзельнічаў у акцыях. У яго была перасадка ў цэнтры горада. Там яго схапілі. Мне ён паспеў паведаміць, што яго затрымалі. Ні ў міліцыі, ні ў ІЧУ я не магла атрымаць ніякай інфармацыі. Сёння прыйшла ў Чыгуначны РАУС даведацца, што з маім сынам, а мне сказалі, што ён у моргу”. Паводле слоў жанчыны, у сына былі праблемы з сэрцам. Аўтамабілі, у якіх перавозілі затрыманых, доўга чакалі сваёй чаргі каля ІЧУ і СІЗА на сонцапёку.

„Сашу было дрэнна, ён крычаў, прасіў дапамогі, яго палічылі неадэкватным і адвезлі ў псіхіятрычную бальніцу. Там лекар агледзеў яго і зразумеў, што гэта не псіхіятрычны выпадак, а нервовае ўзбуджэнне ад хваробы. Яму выклікалі брыгаду хуткай дапамогі і павезлі ў найбліжэйшую бальніцу — туберкулёзную. Там медыкі каля гадзіны змагаліся за яго жыццё, але Саша памёр”, — сказала яго маці. Яна хоча ведаць праўду пра прычыну смерці сына і просіць адгукнуцца тых, хто быў побач з ім у аўтазаку або міліцэйскім аўтамабілі, у якім перавозілі затрыманых.

У Гомельскай вобласці, паводле неафіцыйнай інфармацыі, затрыманыя больш за 700 чалавек. У гомельскіх ІЧУ і СІЗА скончыліся месцы для затрыманых, масава паведамляюць журналістам іх сваякі. Міліцэйскія аўтамабілі стаяць у чэргах у СІЗА, каб „выгрузіць” затрыманых.