У Менску на вуліцы чарговы раз выйшлі тысячы людзей



Увечары ў Менску на вуліцы выйшлі тысячы людзей, каб паказаць сваю грамадзянскую пазіцыю і выступіць за перагляд вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Міліцэйскае свавольства займае ў пратэсце асобнае месца.

Распавядае наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч.

Сёння, 12-га жніўня, жыхары Менска зноў выйшлі на вуліцы і праспекты сваіх гарадоў. Але сёння пакуль не адбываецца такіх сур’ёзных сутычак з АМАПам і Ўнутранымі войскамі, як у папярэднія дні. Сёння форма пратэсту — ланцуг салідарнасці. Тысячы беларусаў знаходзяцца ў камерах, многіх рэпрэсіўная сістэма яшчэ не паспела асудзіць, тысячы беларусаў дагэтуль не знайшлі сваіх затрыманых родзічаў і сяброў, нават з 10 жніўня. Сітуацыя на вуліцах змяняецца так імкліва, што пастаянна застаецца ўражанне, што нешта ўпускаеш. Калі знаходзішся на акцыі, няма часу спраўджваць, што робіцца ў іншых раёнах. Калі знаходзішся ў бяспечным месцы, упускаеш важныя падзеі падчас акцый пратэсту. Варта адзначыць, што за гэтыя дні яшчэ больш менчукоў далучыліся да хвалі салідарнасці, многія сем’і займаюцца не пратэстам непасрэдна, але дапамагаюць хаваць у пад’ездах, кватэрах і дамах іншых людзей, ратуючы іх ад расправы АМАПу. Дзеянні сілавікоў сапраўды носяць як ніколі бескантрольны характар. Жыхары раёна, набліжанага да станцыі метро „Пушкінская” і „Спартыўная”, а таксама „Партызанская” сёння планавалі пісаць звароты да ўладаў з патрабаваннем адрамантаваць дзверы пад’ездаў, паколькі яны напярэдадні былі зламаныя амапаўцамі. Шэраг людзей задзейнічаны ў гуманітарнай дапамозе пратэстам, на аўтамабілях хутка перакідаюць у патрэбны раён бінты, ваду і медыкаменты. Сёння давялося бачыць некалькі аўтамабіляў, у якія загружалі неабходныя тавары. У АМАПа такой хуткай змены тактыкі няма, сілавікам даводзіцца прыстасоўвацца да ўсё новых формаў пратэсту, нязменнай застаецца толькі бязлітаснасць, з якой латашаць бязвінных людзей. Сёння акцыі яшчэ трываюць, чакаем новых звестак.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск