Жыхары Віцебска патрабуюць ад уладаў спыніць міліцэйскі гвалт



Мясцовыя праваабаронцы склалі зварот да сілавых структураў і дзяржаўных установаў з патрабаваннем спыніць міліцэйскі і судовы пераслед удзельнікаў мірных пратэстаў, бо Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам права на мірныя сходы. 

Таксама ў звароце ёсць патрабаванне спыніць ціск на журналістаў, якія выконваюць сваю працу, асвятляючы падзеі на мірных пратэстах. Зварот падпісалі прадстаўнікі 19-ці праваабарончых арганізацый, грамадскіх суполак і ініцыятываў.

Адмысловую петыцыю з патрабаваннем спынення міліцэйскага гвалту, а таксама перагляду вынікаў выбараў занесла ў Віцебскі аблвыканкам група неабыякавых грамадзянаў. Складальніца петыцыі, віцебская каардынатарка аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Таццяна Севярынец падкрэслівае, што менавіта фальшаванне вынікаў прэзідэнцкіх выбараў спарадзіла супрацьстаянне грамадзянаў і сілавых структур:

– Усю гэтую сітуацыю ўлада сама справакавала! Таму што на вуліцы пачалі выходзіць людзі, якія ведаюць, якімі насамрэч былі вынікі выбараў! Улады, гэта вы правакатары. Гэта вы справакавалі людзей тым, як вы арганізавалі, як правялі гэтыя выбары ганебна, з парушэннем выбарчага заканадаўства! Мы патрабуем выпусціць усіх зняволеных, мы патрабуем перагляду вынікаў выбараў.

Спадарыня Таццяна распавяла, што віцебскія дэмакратычныя сілы рыхтуюць яшчэ адзін падобны зварот – да ўладных структураў найвышэйшага дзяржаўнага ўзроўню. І што ён будзе распаўсюджаны для збору подпісаў усіх ахвотных жыхароў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск