Пінск далучыўся да жаночай акцыі салідарнасці



Каля 30 неабыякавых пінчанак выказаліся за спыненне гвалту ў краіне і вызваленне затрыманых за ўдзел у пратэстах.

Падрабязанасці перадае наш карэспандэнт Пятро Савіч:

–  Акцыя пачалася ў сераду вечарам. Напачатку звыш дзясятка жанчын сабраліся на адной з галоўных вуліц Пінска – Першамайскай. Па ёй яны прайшлі да вуліцы Цэнтральнай, дзе на некалькі хвілін утварылі “ланцуг салідарнасці”, а пасля акцыя працягнулася ў скверы каля помніка партызанам Палесся. На той момант удзельніц ужо было каля трыццаці.

Напрацягу ўсёй акцыі пінчанак падтрымлівалі мінакі і кіроўцы аўто, якія падавалі працяглыя сігналы. Уся акцыя цягнулася звыш трох гадзін. Увесь гэты час за ўдзельніцамі назіралі людзі ў цывільным, непадалёк знаходзіліся патрулі міліцыянтаў, але мерапрыемства адбылося без правакацый і затрыманняў.

Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота: Reuters