Як паступіць у Гарвард
Васямнаццацігадовы беларускі хлопец Максім Багдановіч вучыцца ў Гарвардзе. Ён паступіў туды адразу пасля завяршэння менскай беларускамоўнай гімназіі №4.
Пра тое, якім чынам было прынятае рашэнне ехаць вучыцца за мяжу, распавёў наш Госць Рацыі:
РР: Як вы вырашылі паступаць у Гарвард? Магчыма, памятаеце гэты момант. Як прыйшла гэтая думка і г.д.?
Максім Багдановіч: Тут цікавы адказ. Я ўвогуле не разлічваў паступаць нікуды за мяжу, нават у тую Польшчу, Чэхію ці Расею. Напрыклад, шмат маіх сяброў планавалі, а я зусім гэта не абмяркоўваў. Але ж у 10 класе мой стрыечны брат, які жыве ў адным доме са мной, у яго ёсць свая сям’я, яны вельмі любяць да нас завітваць у госці, параіў мне паспрабаваць. Таму што я любіў пахваліцца, што добрую адзнаку атрымаў і г.д., а ён кажа: ідзі і зрабі з гэтым нешта, чаго вартая твая адзнака.
Дык вось атрымалася, што ён мяне падбадзёрваў і даваў парады, і вось на сярэдзіне 11 класа 1 студзеня – дэдлайн падачы дакументаў. Я ўзяў і падаўся. Але ж, калі б не было яго, я б нават і не думаў паступаць. І я яму вельмі ўдзячны за гэта.
РР: Як выбіралі для сябе спецыяльнасць і як здавалі іспыты? Як у цэлым выглядала вашае паступленне?
Максім Багдановіч: Наконт спецыяльнасці. Як такой спецыяльнасці няма. Калі хтосьці паступае ў звычайны амерыканскі ўніверсітэт, гэта вольнае мастацтва. Гарвард – гэта адзін з такіх каледжаў, куды хтосьці паступае, там не просяць, каб вы ўжо вызначыліся са сваёй спецыялізацыяй. Такім чынам я проста здаваў агульныя экзамены па матэматыцы і па ангельскай мове, які павінен здаць кожны. Іх можна здаваць у Менску, напрыклад. Таксама я здаваў некалькі экзаменаў па прадметах, таму што была магчымасць іх здаваць. Я здаваў па біялогіі, хіміі і матэматыцы. Але даслалася з іх толькі два.
Працэс паступлення выглядае наступным чынам: даволі рана дэдлайн, то бок усе павінны здаць 1 студзеня ў вашым адзінаццатым класе. Вы толькі палову адзінаццатага класа паспелі правучыцца, а ўжо ўсе дакументы павінны даслаць. Там даволі шмат гэтых экзаменаў, іспытаў, якія трэба падрыхтаваць, трэба напісаць шмат эсэ, узяць рэкамендацыі ад настаўнікаў і г.д. То бок рыхтавацца трэба раней, і вось агульную параду, якую магу даць – пачынайце рыхтавацца як мага раней.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: facebook.com