Standard & Poor’s: Беларусь з-за санкцый можа страціць доступ да міжнароднага рынку капіталу
Беларусь у выпадку ўвядзення заходніх санкцый можа страціць доступ да міжнароднага рынку капіталу, гаворыцца ў каментары міжнароднага рэйтынгавага агенцтва S&P Global Ratings (Standard & Poor’s) пра сітуацыю ў Беларусі.
На думку аналітыкаў рэйтынгавага агенцтва, падзеі ў Беларусі пасля выбараў фармуюць некалькі палітычных і эканамічных рызык, павялічваючы верагоднасць міжнародных санкцый у дачыненні да краіны.
„Зарэгістраваныя парушэння выбарчага працэсу і відавочная жорсткая рэакцыя на наступныя агульнанацыянальныя пратэсты могуць прывесці да працяглага супрацьстаяння паміж уладамі і апазіцыяй”, — гаворыцца ў паведамленні рэйтынгавага агенцтва.
Нароўні з рызыкамі пагаршэння палітычнай сітуацыі ў Беларусі крэдытныя аналітыкі мяркуюць, што магчымая рэалізацыя і эканамічных рызык у выпадку ўвядзення заходніх санкцый у дачыненні да краіны.
„На наш погляд, перспектывы ўвядзення міжнародных санкцый у адказ на тое, як улады рэагуюць на сітуацыю пасля выбараў, растуць”, — адзначаюць аналітыкі агенцтва.
Такое развіццё падзей, лічаць яны, негатыўна адаб’ецца на здольнасці краіны прыцягваць замежныя запазычанні.
„Мы бачым кароткатэрміновыя рызыкі таго, што Беларусь страціць доступ да міжнародных рынкаў капіталу з-за росту перспектыў міжнародных санкцый”, — лічаць аналітыкі агенцтва S&P Global Ratings.
Як паведамлялася, у чэрвені 2020 года беларускія ўлады размясцілі сярод заходніх інвестараў два новыя выпускі еўрааблігацый на 1,25 млрд долараў.
Еўрабонды „Беларусь-2026” на 500 млн долараў размешчаныя на тэрмін 5,7 года (з пагашэннем у лютым 2026 года) пад стаўку 5,875% гадавых. Аблігацыі „Беларусь-2031” на 750 млн долараў размешчаныя на тэрмін 10,7 года (з пагашэннем у лютым 2031 года) пад стаўку 6,378% гадавых. Аблігацыі размешчаныя па цане 100% ад намінальнага кошту.
Паводле дадзеных Мінфіна, каля 97% еўрааблігацый Беларусі набытыя буйнымі заходнімі кіраўнічымі кампаніямі і інвестыцыйнымі фондамі. У тым ліку аблігацыі, тэрмін пагашэння якіх заканчваецца ў 2026 годзе, набылі інвестары з ЗША (54%), Вялікабрытаніі (22%), кантынентальнай Еўропы (20%). Большасць еўрабондаў (70%) з тэрмінам пагашэння ў 2031 годзе таксама набылі інвестары з ЗША, 15% выпуску выкупілі прадстаўнікі Вялікабрытаніі і каля 13% — інвестары з кантынентальнай Еўропы.
Размяшчэннем еўрабондаў улады займаюцца для прыцягнення сродкаў, якія накіроўваюцца на рэфінансаванне плацяжоў па дзярждоўгу. Пачынаючы з 2012 года Беларусь павінна выплачваць у год па дзярждоўгу больш за 3 млрд долараў. Пікавыя выплаты Беларусі па дзярждоўгу, паводле дадзеных Мінфіна, працягнуцца як мінімум да 2024 года.
14 жніўня сітуацыя ў Беларусі будзе абмяркоўвацца на пазачарговым пасяджэнні Савета краін Еўрасаюза. У сувязі з задушэннем акцый пратэсту ў Беларусі міністры замежных спраў краін Еўрасаюза прапануюць разгледзець пытанне аб увядзенні санкцый у дачыненні да афіцыйнага Мінска.
belapan.by