У Гародні работнікі „Хімвалакна” сустрэліся з кіраўніцтвам горада
У Гародне некалькі сотняў супрацоўнікаў прадпрыемства „Хімвалакно” сустрэліся 13 жніўня з кіраўнікамі завода і горада.
На сустрэчу прыйшлі старшыня Гарадзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Вадзім Сіняўскі, пракурор горада Уладзімер Клішын, галоўны ўрач вобласці Аляксандр Раманчук, прадстаўнікі МНС і камунальнай гаспадаркі.
Людзі абураліся вынікамі выбараў, казалі, што яны сфальсіфікаваныя, пратэставалі супраць гвалту ў дачыненні да звычайных беларусаў на вуліцах. Ад гвалту сілавікоў пацярпелі сваякі работнікаў прадпрыемства.
„Мне сорамна за дзеянні некаторых нашых супрацоўнікаў. Але ў нас не было іншага выбару. Мы разбяромся. Я вам абяцаю”, — заявіў Вадзім Сіняўскі.
Ён сказаў, што кіраўніцтва — такія ж людзі, як і ўсе астатнія, што „мы любім свой народ”. „Мы такія ж беларусы, як і вы, па крыві. Я вас не б`ю. Даруйце маім падначаленым, калі яны вас несправядліва пабілі, або няма нам прабачэння”, — працягнуў Сіняўскі.
Паводле яго слоў, сілавікі сочаць за тэлеграм-каналамі і ведаюць аб правакацыях, якія рыхтуюцца ў краіне; правакатарам на акцыі нібыта плацяць грошы і яны самі ў гэтым прызнаюцца.
Людзі абурыліся такімі заявамі. Большасць прысутных не дала веры галоўнаму міліцыянеру вобласці.
Сіняўскі паведаміў, што міністр унутраных спраў загадаў не стасаваць гвалт да мірных грамадзянаў. Ён патлумачыў, што ў Гродне ёсць дзве машыны „Тыгр” для прыкрыцця перамяшчэння асабістага складу спецыяльных падраздзяленняў. Сіняўскі паабяцаў, што „Тыгры” больш не будуць рухацца па вуліцах Гродна, калі не будзе „падпалаў”, „правакацый”.
„Нікога не пазабівалі”, — адказаў Сіняўскі, калі людзі пачалі вінаваціць яго, што сілавікі ўжо парушылі правы людзей. Ён адказаў, што на супрацоўнікаў міліцыі распачалі 12 крымінальных спраў.
Паводле слоў Сіняўскага, штрафы, якія плацяць асуджаныя за пратэсты, не ідуць на выплату бонусаў сілавікам.
На прапанову работнікаў зладзіць мірны марш па вуліцах горада Сіняўскі адказаў, што ёсць парадак арганізацыі масавых мерапрыемстваў.
Работнікі „Хімвалакна” доўга абураліся гвалтам у дачыненні да людзей на вуліцах, тым, што немагчыма было знайсці затрыманых падчас мірных сходаў. Яны казалі, што баяцца выхадзіць па вечарах на вуліцы, баяцца вяртацца з працы і выпускаць сваіх дзяцей на прагулку.
Начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама не даў адказ на пытанне, чаму зняволеныя сядзяць па 40 чалавек у камеры, чаму складана знайсці сваіх блізкіх, затрыманых падчас акцый. Людзі пыталіся, як зафіксаваць жорсткае збіванне людзей АМАПам.
На заўвагу, што па вечарах перакрыты цэнтр горада і туды складана трапіць, Сіняўскі сказаў, што раней нібыта гучалі нейкія заклікі блакаваць масты.
Мечыслаў Гой адзначыў, што кавярні і іншыя ўстановы ў цэнтры Гродна закрытыя, каб ніхто не пашкодзіў маёмасць гэтых месцаў.
Работнікі „Хімвалакна” заклікалі ўлады горада дапамагчы ім зладзіць сумленныя выбары прэзідэнта.
Многія людзі сыходзілі з сустрэчы са словамі, што іх не пачулі, на свае пытанні яны не атрымалі адказы, абмяркоўвалі варыянт распачаць забастоўку.