Марыя Калеснікава: Дыялог з уладамі не атрымліваецца



Як лічыць кіраўніца штабу Віктара Бабрыкі Марыя Калеснікава, беларусы зараз дэманструюць высокую самаарганізаванасць і адказнасць:

– Тое, што мы бачым, – гэта дэцэнтралізацыя пратэсту, калі людзі самі, стыхійна прымаюць рашэнне салідарызавацца адзін з адным, падтрымліваць адзін аднаго. Выходзяць у Менску і па ўсёй Беларусі.

Апошні дзень у Менску і іншых гарадах  краіны шматтысячны ланцугі салідарнасці з затрыманымі праходзяць без усялякага супрацьдзеяння міліцыі.

– Будзем спадзявацца, што гэта будзе працягвацца і ровень агрэсіі і гвалту знізіцца, і ўлады перастануць затрымліваць мірных грамадзян.

Аднак дыялогу, ці нейкіх перамоваў паміж уладамі і альтэрнатыўнай часткай грамадства пакуль няма:

– Мы самі з 9 жніўня рэгулярна накіроўваем паведамленні і выказваем гатоўнасць да таго, каб прыняць усе захады з абодвух бакоў, каб знізіць ровень гвалту.

Але мы яшчэ не атрымалі ніякага адказу ці пацверджання таго, што ўлады гатовыя гаварыць з намі на гэтую тэму, – кажа Марыя Калеснікава.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск