Гамяльчанка: Пакуль сілавікі не пяройдуць на наш бок, поспеху не будзе



Тысячы гамяльчанак прайшлі па цэнтру горада з патрабаваннем спыніць гвалт у дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту. Жанчыны, апранутыя ў белае адзенне, трымалі ў руках кветкі і балонікі.

Паводле ўдзельніц акцыі, яны чакаюць ад сілавікоў адмаўлення ад практыкі збіцця мірных дэманстрантаў:

– Мой сын, які зараз носіць пагоны, – мужчына, ён даваў прысягу, і ён прысягнуў народу і адмовіўся 9 чысла выконваць загад ехаць на ўзмацненне, таму што там стаялі яго сябры, аднакурснікі, аднаклубнікі. І гэта мужчына.

Я думаю, шмат мужчын у пагонах. Вы ж чытаеце, бачыце, адмаўляюцца ўчастковыя, здымаюць пагоны, адмаўляюцца выконваць загад. Але гэта трэба, каб было масава. Пакуль сілавікі не пяройдуць на наш бок, напэўна, поспеху не будзе. А шматлікія з іх вагаюцца.

Гамяльчанкі-ўдзельніцы шэсця супраць «міліцэйскага гвалту» ладзілі сваю акцыю цягам некалькіх гадзінаў. Увесь час іх падтрымлівалі аўтамабілісты, якія сігналілі і ўключалі пратэставую музыку. Мужчыны дарылі жанчынам кветкі і прыносілі ваду.

Беларускае Радыё Рацыя