У Пінску працягваецца «ланцуг жаночай салідарнасці»
У Пінску працягваецца «ланцуг жаночай салідарнасці», і ён павялічваецца.
Калі ў сераду выказацца супраць гвалту над затрыманымі пратэстоўцамі і за мірныя перамены выйшла каля 30 пінчанак, то ў чацвер ужо звыш 300 неабыякавых жыхароў Пінска.
Падрабязнасці перадае наш карэспандэнт Пятро Савіч:
– Яшчэ ўдзень у Пінску з’явіўся невялічкі ланцуг «жаночай салідарнасці», гэта было літаральна звыш 10 пінчанак, але ўжо пасля працоўнага часу акцыя хутка павялічвалася. Да позняга вечара, на адную з цэнтральных пінскіх вуліц, Першамайскую, за мірныя перамены ў краіне і неадкладнае вызваленне затрыманых выйшла звыш 300 чалавек, і гэта ўжо былі не толькі жанчыны. Пінчукі ўтварылі ланцуг па абодва бакі праезнай часткі. Людзі трымалі бел-чырвона-белыя сцягі, белыя шарыкі, кветкі і плакаты з патрабаваннем спынення гвалту.
На працягу ўсёй шматгадзіннай акцыі на вуліцы не перарывалася гучанне сігналаў, якія падавалі праязджаючыя кіроўцы аўто. Акцыя скончылася без правакацый і затрыманняў.
У Пінску гэта ўсё адбываецца на тым фоне, што з панядзелка ў горадзе сілавікі ладзяць зачысткі грамадзян.
Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота: media-polesye.by