У Беларусі адмянілі ўсе футбольныя матчы да 17 жніўня



У Беларусі адмянілі ўсе футбольныя матчы з 14-га да 17 жніўня. Федэрацыя футбола традыцыйна спасылаецца на „форс-мажорныя абставіны”. Гэтае рашэнне закранула ўсе лігі нацыянальнага першынства. Даты правядзення перанесеных паядынкаў стануць вядомыя пазней. Адмена футбольных матчаў адбылася на фоне масавых пратэстаў у Беларусі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Сярод затрыманых пратэстоўцаў апынуўся форвард БАТЭ і зборнай Беларусі Антон Сарока, якога асудзілі на 7 сутак арышту.

Футбалісты „Ляйпцыга” выйшлі ў паўфінал Лігі чэмпіёнаў

Другім паўфіналістам розыгрышу футбольнай Лігі чэмпіёнаў стаў нямецкі „Ляйпцыг”, які абыграў у Лісабоне мадрыдскі «Атлетыка» з лікам 2:1. Усе галы ў другім чвэрцьфінале былі забітыя ў другім тайме. На 51-й хвіліне гульні іспанскі легіянер нямецкай каманды Дані Ольма адкрыў лік, праз 20 хвілін Жаау Фелікс зраўняў з пенальці, а на 88-й хвіліне паядынку амерыканец Тайлер Адамс прынёс перамогу „Ляйпцыгу” – 2:1. У паядынку за выхад у фінал нямецкі клуб згуляе з французскім чэмпіёнам „Пары Сэн-Жэрмэн”, які ў першым чвэрцьфінале вырваў перамогу ў італьянскай „Аталанты” з тым жа лікам – 2:1.

14 жніўня ўвечары чэмпіён Нямеччыны мюнхенская „Баварыя” ў барацьбе за выхад у паўфінал будзе сапернічаць з іспанскай „Барселонай”. Заключны чвэрцьфінал ЛЧ адбудзецца заўтра: англійскі „Манчэстар Сіці” сустрэнецца з французскім „Ліёнам”.

Дзмітрый Рэкіш прызнаны найлепшым гульцом тура

Паўабаронца бабруйскай „Белшыны” Дзмітрый Рэкіш прызнаны найлепшым гульцом 21-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. У пераможнай хатняй гульні са „Слуцкам”, які яго каманда выйграла з лікам 4:2, 31-гадовы хаўбек правёў на полі 70 хвілін і двойчы засмуціў брамніка сапернікаў. Зараз турнірную табліцу 30-га чэмпіянату Беларусі ўзначальвае салігорскі „Шахцёр”, які набраў 43 ачкі ў 21 праведзенай сустрэчы. На тры балы адстае барысаўскі БАТЭ, у гарадзенскага „Нёмана” 38 ачкоў і гульня ў запасе.

Тэнісісткі Марозава і Сізікава прайгралі ў 1/4 фіналу парнага разраду

Беларуская тэнісістка Лідзія Марозава і расіянка Яна Сізікава не змаглі прабіцца ў паўфінальную стадыю парнага разраду турніру ў Празе з прызавым фондам 202 тысячы даляраў. У чвэрцьфінальным матчы беларуска-расійскі дуэт за гадзіну саступіў румынскаму тандэму Моніка Нікулеску / Ёана Ралука Олару – 2:6, 1:6.

Заўзятары запарожскага „Металурга” падрыхтавалі банэр у падтрымку беларусаў

Заўзятары запарожскага „Металурга” падрыхтавалі банэр у падтрымку беларусаў перад матчам украінскай першай лігі з „Чарнаморцам” (4:1).

Ультрас вывесілі бел-чырвона-белы сцяг і банэр з надпісам „Жыве Беларусь!”.

Беларускае Радыё Рацыя