Генеральны сакратар ААН: Сцвярджэнні пра катаванні ў Беларусі павінны быць расследаваныя



Праблемы, якія ўзніклі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, неабходна вырашаць з дапамогай дыялогу, а ўлады павінны праяўляць стрыманасць у адказ на дэманстрацыі, заявіў генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.

„Генеральны сакратар заклікае беларусаў вырашаць праблемы, якія ўзніклі пасля выбараў, шляхам дыялогу, каб захаваць мір у краіне”, — гаворыцца ў распаўсюджанай прэс-сакратаром кіраўніка ААН заяве.

Падкрэсленая важнасць давання ўсім беларусам магчымасці рэалізаваць свае грамадзянскія і палітычныя правы.

„Гэта ўключае ў сябе выражэнне сваіх поглядаў мірным шляхам у адпаведнасці з законам. Улады павінны праяўляць стрыманасць у адказ на дэманстрацыі”, — адзначае Гутэрыш.

„Сцвярджэнні пра катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання з асобамі, якія ўтрымліваюцца пад вартай, павінны быць старанна расследаваныя”, — заявіў генеральны сакратар ААН.

14 жніўня сталы каардынатар ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі звярнулася з просьбай аб арганізацыі тэрміновай сустрэчы з міністрам унутраных спраў для абмеркавання пытанняў правоў чалавека, у прыватнасці абыходжання з асобамі, якія знаходзяцца ў месцах утрымання пад вартай, ажыццяўлення свабоды мірных сходаў у Беларусі, а таксама з мэтай прапанаваць неабходную дапамогу з боку сістэмы ААН.

Яна таксама папрасіла забяспечыць доступ супрацоўнікам ААН у два цэнтры ўтрымання пад вартай у Мінску з мэтай азнаямлення з умовамі зняволення.

З 9 жніўня ў Мінску і многіх іншых гарадах Беларусі праходзяць масавыя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Сілавікі ўжывалі супраць дэманстрантаў святлошумавыя гранаты, гумовыя кулі і вадамёт. Усяго было затрымана каля сямі тысяч чалавек.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі раней звярнуліся да кіраўніка МУС Юрыя Караева з патрабаваннем спыніць катаванні і жорсткае абыходжанне ў дачыненні да затрыманых у аддзяленнях міліцыі, ізалятарах часовага ўтрымання, цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў, а таксама пры перавозцы іх да месцаў прымусовага ўтрымання. Ёсць шматлікія сведчанні відавочцаў і саміх пацярпелых пра жорсткія катаванні з боку сілавікоў.

„Стала вядома аб тым, што затрыманыя за ўдзел у мірных акцыях пратэсту 9, 10 і 11 жніўня знаходзяцца ў бесчалавечных умовах, многія зазнаюць катаванні, — гаворыцца ў заяве. — Людзей збіваюць, трымаюць у перапоўненых камерах: па 40-50 чалавек у камеры, разлічанай толькі на 4-6 чалавек, з-за чаго немагчыма спаць ноччу, людзям не хапае паветра і прасторы. Таксама паведамляецца, што людзей не кормяць, а пры спробе прысесці днём пачынаюць збіваць. Вельмі шмат людзей з ЦІП вязуць машыны хуткай дапамогі. У Гомелі падчас затрымання памёр малады чалавек”.

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, было шпіталізавана больш за 250 чалавек, якія пацярпелі падчас акцыяў пратэсту. У Мінску адзін дэманстрант загінуў. Па стане на 14 жніўня ў шпіталях знаходзяцца 150 пацярпелых у вулічных акцыях, у тым ліку пераведзеных з ізалятараў.

belapan.by

Фота AFP