Дзяржсакратар ЗША: Вітаю вызваленне пратэстоўцаў у Беларусі, але гэтага недастаткова



Дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа вітае вызваленне некаторых раней затрыманых удзельнікаў пратэстаў у Беларусі, але лічыць, што „гэтага недастаткова”. Пра гэта ён заявіў журналістам 15 жніўня ў Варшаве пасля сустрэчы з міністрам замежных спраў Польшчы Яцакам Чапутовічам, паведамляе польскі партал onet.pl.

„Выбары ў Беларусі не былі свабоднымі і справядлівымі, таму мы правялі апошнія дні, кансультуючыся з нашымі партнёрамі не толькі асабіста, але і па тэлефоне, каб зразумець, што адбываецца”, — сказаў ён. Пампеа дадаў: сітуацыя ў Беларусі „абмяркоўваецца з еўрапейскімі партнёрамі” для таго, каб паспрабаваць „максімальна дапамагчы беларусам здабыць суверэнітэт і свабоду”.

Паводле слоў Пампеа, цяпер „агульная мэта” заключаецца ў тым, каб „падтрымаць Беларусь і яе народ у пабудове вольнай і дэмакратычнай краіны”. Пратэсты ў Беларусі, як сказаў дзяржсакратар ЗША, праходзяць з-за таго, што народ краіны хоча „самавызначыцца, абраць сваю ўладу”, каб „грамадзянская супольнасць магла сапраўды развівацца”.

11 жніўня Майкл Пампеа выступіў з заявай, у якой адзначыў, што Злучаныя Штаты глыбока занепакоеныя ходам прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і не лічаць іх свабоднымі і справядлівымі.

Паводле яго слоў, выбарчы працэс азмрочылі жорсткія абмежаванні для трапляння прэтэндэнтаў у выбарчыя бюлетэні, забарона на прысутнасць мясцовых незалежных назіральнікаў на выбарчых участках, тактыка застрашвання кандыдатаў ад апазіцыі, затрыманні мірных дэманстрантаў і журналістаў. ЗША шкадуюць, што не былі своечасова запрошаныя назіральнікі БДІПЧ АБСЕ.

Свабодныя і справядлівыя выбары з сумленнай барацьбой — аснова легітымнасці любой улады, падкрэсліў Пампеа.

ЗША заклікалі беларускія ўлады паважаць права ўсіх грамадзян на ўдзел у мірных сходах, устрымацца ад ужывання сілы і вызваліць незаконна затрыманых. Вашынгтон „рашуча асуджае” гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў і затрыманне прыхільнікаў апазіцыі, а таксама адключэнне інтэрнэту для абмежавання магчымасці беларускага народа абменьвацца інфармацыяй пра выбары і дэманстрацыі.

„Як сябры Беларусі мы падтрымліваем беларускую незалежнасць і суверэнітэт, а таксама імкненне беларускага народа да дэмакратычнай і росквітнай будучыні. Для дасягнення гэтых мэтаў урад Беларусі павінен на практыцы даказаць сваю прыхільнасць да дэмакратычных працэсаў і павагі правоў чалавека”, — заявіў Пампеа.

belapan.by

Фота CNN