Каля 20 тысяч дэманстрантаў прайшлі сёння па цэнтры Берасця
Шматтысячнае шэсце прыхільнікаў пераменаў прайшло 15 жніўня па цэнтральных вуліцах Берасця.
Паводле ацэнкі праваабаронца Рамана Кісляка, у ім узялі ўдзел каля 20 тысяч чалавек. Акцыя пачалася каля 18.00 ад плошчы Леніна. Калона дэманстрантаў з бел-чырвона-белымі сцягамі, кветкамі і белымі шарамі прайшла па вуліцы Леніна, праспекце Машэрава і вуліцы Маскоўскай. Ідучы, людзі скандавалі „Лукашэнка — сыходзь!”, „Верым! Можам! Пераможам!”, „Нас — 97”, „Забастоўка!”, „Мы ідзем бясплатна!”, „Брэст — выходзь!”, „Жыве Беларусь!”.
Каля 19.30 дэманстранты павярнулі на праспект Рэспублікі і накіраваліся ў мікрараён Кавалёва. Па дарозе да калоны далучаліся новыя ўдзельнікі.
Як распавёў БелаПАН удзельнік дэманстрацыі Андрэй Варонін, гэта мірная акцыя за мірныя перамены. „Мы — супраць гвалту ў дачыненні да тых, хто думае інакш, чым улада”, — сказаў ён.
Брэстаўчанка Алена, якая не захацела называць сваё прозвішча, заявіла, што абураная афіцыйнымі вынікамі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. „Гэтыя фальсіфікацыі дасталі, ужо сіл няма трываць. Мы хочам сумленных выбараў”, — падкрэсліла яна.
„Трох маіх калегаў, якія проста ішлі дадому з працы 11 жніўня, затрымаў АМАП у цэнтры Брэста, хоць яны не бралі ўдзелу ў пратэстах. Двое з іх ужо на волі, а трэцяга асудзілі на 10 сутак, — распавяла ўдзельніца шэсця Надзея. — Пасля затрымання хлопцаў трымалі ў спартзале, збівалі, здзекаваліся з іх. Я сёння выйшла на мірны пратэст таму, што хачу спакойна хадзіць па сваім горадзе, хачу, каб адпусцілі ўсіх, хто сёння яшчэ знаходзіцца за кратамі. Хачу, каб Лукашэнка сышоў, і мы змаглі правесці сумленныя выбары”.
З 12 жніўня штодня на праспекце Машэрава ў Берасці праходзяць „ланцугі салідарнасці”. Паводле звестак Кісляка, сёння ў акцыі ўзялі ўдзел паўтары тысячы чалавек.
belapan.by