Частка калектыву «Белтэлерадыёкампаніі» гатовыя распачаць у панядзелак страйк
Значная частка калектыву «Белтэлерадыёкампаніі» гатовыя распачаць у панядзелак страйк, калі ўлады не выканаюць іх патрабаванні. Галоўныя з іх – праўда і аб’ектыўнасць інфармацыі.
Як кажа тэлевядучая, рэжысёр, аўтар праграмаў «Сто дзён з Купалаўскім» і «Тэатр у дэталях» Наталля Бібікава, страйк у панядзелак будзе, таму што людзям ужо немагчыма трываць. Увечары 15 жніўня ў будынку кампаніі адбылася сустрэча пратэстуючых з кіраўніцтвам БТРК, старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай, прэс – сакратаром Лукашэнкі Наталляй Эйсмант. Але, па словах Наталлі Бібікавай, нічога новага ад іх супрацоўнікі не пачулі:
– Гэта была проста нейкая вада. Яны, як заўсёды, казалі пра тое, што мы паказваем правільныя рэчы, і гэта народ толькі ўсё псуе.
РР: Вашыя асноўныя патрабаванні?
– Патрабаванні нашыя, каб мы казалі праўду, каб на гэта было дазволена. Я нават не магу распавесці пра тое, пра што насамрэч спектакль «Пінская шляхта» ў Купалаўскім. Я не магу гэта сказаць адкрыта, толькі неяк завуалявана гэта магу падаць. І мне сорамна, я не хачу. Пашу Харланчука, акцёра Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы трымалі недзе некалькі дзён. І я хачу таксама пра гэта распавесці, але – не.
Каля будынку «Белтэлерадыёкампаніі» паступова сабралася вялікая колькасць людзей 2-3 тысячы чалавек, якія скандавалі «Праўды!», «Ганьба!», «Сыходзь!»
Людзі чакалі, калі з перамоваў выйдуць прадстаўнікі ўлады. Але Наталля Качанава і Наталля Эйсмант выйшлі з чорнага ходу і тайна зʼехалі. У будынку знаходзіліся ўзброеныя супрацоўнікі АМАПу.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: nn.by