Больш за 700 чалавек звярнуліся ў Следчы камітэт з заявамі пра збіццё сілавікамі
Следчым камітэтам працягваецца праца па ўстанаўленні аб’ектыўных абставін супрацьпраўных дзеянняў падчас масавых беспарадкаў, паведаміла 17 жніўня прэс-служба ведамства.
„На сённяшні дзень у следчыя органы паступіла 124 заявы і паведамленні аб гвалтоўных дзеяннях пратэстоўцаў у дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, знішчэнні і пашкоджанні маёмасці (службовага аўтатранспарту, аб’ектаў гарадской інфраструктуры), — гаворыцца ў паведамленні. — Акрамя таго, больш за 600 грамадзян звярнуліся з заявамі аб атрыманні цялесных пашкоджанняў пры іх затрыманні супрацоўнікамі праваахоўных органаў, і каля 100 чалавек — аб атрыманні цялесных пашкоджанняў у месцах часовага ўтрымання”.
Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, усім пералічаным фактам „будзе дадзеная належная прававая ацэнка”.
„Пры наяўнасці цялесных пашкоджанняў для ўстанаўлення ступені іх цяжару следчымі прызначаныя неабходныя экспертныя даследаванні”, — адзначаецца ў паведамленні.
belapan.by