Пакупнікі беларускіх еўрабондаў пераацэньваюць рызыкі і прадаюць аблігацыі
Інвестары сталі пераацэньваць рызыкі, звязаныя з наяўнасцю ў іх партфелі беларускіх еўрабондаў, гаворыцца ў штотыднёвым аглядзе рынку аблігацый, які падрыхтавалі аналітыкі расійскага інвестыцыйнага холдынгу „Фінам”.
Яны звяртаюць увагу, што з-за палітычнай турбулентнасці ў Беларусі фондавы рынак на мінулым тыдні „актыўна пераацэньваў рызыкі беларускіх суверэнных еўрабондаў”. Інвестары аналізуюць рызыкі, „з якімі патэнцыйна можа сутыкнуцца рэспубліка пры рэфінансаванні сваёй запазычанасці праз міжнародныя санкцыі”, адзначаюць аўтары агляду.
У сваю чаргу, брытанскае выданне Financial Times паведамляе, што некаторыя інвестары ўжо адмовіліся ад беларускіх еўрабондаў і прадалі іх.
У прыватнасці кіраўнік актываў інвестгрупы Union Investment Сяргей Дзергачоў прадаў частку беларускіх еўрабондаў. Паводле яго слоў, інвестары вельмі ўспрымальныя да рызык, звязаных з увядзеннем магчымых санкцый у дачыненні да Беларусі.
„Як палітычная сітуацыя ў Беларусі будзе ўрэгуляваная — вялікае пытанне”, — цытуе Дзергачова Financial Times. Палітычная няпэўнасць, на яго думку, будзе негатыўна адбівацца на прывабнасці беларускіх еўрабондаў.
Падобнага да гэтага меркавання прытрымліваюцца і беларускія фінансавыя аналітыкі. „Валавы знешні доўг Беларусі складае каля 40 млрд долараў. Захаванне палітычнай напружанасці ў Беларусі доўгі час прывядзе да падаражання кошту новых запазычанняў на знешніх рынках як для дзяржавы, так і для прадпрыемстваў”, — адзначыў у каментары БелаПАН фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.
Як паведамлялася, у чэрвені 2020 года беларускія ўлады размясцілі сярод заходніх інвестараў два новыя выпускі еўрааблігацый на 1,25 млрд долараў.
Еўрабонды „Беларусь-2026” на 500 млн долараў размешчаныя на тэрмін 5,7 года (з пагашэннем у лютым 2026 года) пад стаўку 5,875% гадавых. Аблігацыі „Беларусь-2031” на 750 млн долараў размешчаныя на тэрмін 10,7 года (з пагашэннем у лютым 2031 года) пад стаўку 6,378% гадавых. Аблігацыі размешчаныя па цане 100% ад намінальнай кошту.
Паводле звестак Мінфіна, блізу 97% еўрааблігацый Беларусі набыта буйнымі заходнімі кіруючымі кампаніямі і інвестыцыйнымі фондамі.
Размяшчэннем еўрабондаў улады займаюцца для прыцягнення сродкаў, якія накіроўваюцца на рэфінансаванне плацяжоў па дзярждоўгу. Пачынаючы з 2012 года Беларусь павінна выплачваць у год па дзярждоўгу больш за 3 млрд долараў. Пікавыя выплаты Беларусі па дзярждоўгу, паводле дадзеных Мінфіна, працягнуцца як мінімум да 2024 года.
Нагадаем, у сувязі з гвалтоўным задушэннем мірных акцый пратэсту, якія адбываліся ў Беларусі 9—11 жніўня пасля прэзідэнцкіх выбараў, міністры замежных спраў краін Еўрасаюза раней заявілі аб магчымым увядзенні санкцыі ў дачыненні да Беларусі.