Партыі Еўрапарламенту назвалі Лукашэнку персонай нон-грата
Лідары вядучых партый Еўрапарламенту заклікалі правесці новыя выбары прэзідэнта Беларусі, расследаваць выпадкі гвалту супраць мірных дэманстрантаў і вызваліць палітычных вязняў.
„Мы апладзіруем беларускаму народу за яго мужнасць і рашучасць і ўсімі сіламі падтрымліваем іх імкненне да дэмакратычных пераменаў і свабоды. Прэзідэнцкія выбары 9 жніўня не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, а праўдападобныя справаздачы ўказваюць на перамогу Святланы Ціханоўскай. Пагэтаму мы не прызнаем Аляксандра Лукашэнку пераабраным прэзідэнтам Беларусі і лічым яго персонай нон-грата ў Еўразвязе”, – гаворыцца ў супольнай заяве партый.
Прадстаўнікі Еўрапарламенту заклікалі ўлады Расеі ўстрымацца ад кожнага ўмяшання ў справы Беларусі, „тайнага ці адкрытага”, а таксама папрасілі краіны-удзельніцы ЕЗ супрацьдзеіць кожным дзеянням Расеі ў гэтым кірунку.
Аўтары заявы таксама падтрымалі рашэнне кіраўнікоў МЗС краін Еўразвязу ўвесці дадатковыя персанальныя санкцыі ў дачыненні тых, хто нясе адказнасць за гвалт і фальсіфікацыю выбараў прэзідэнта ў Беларусі, і папрасілі як мага хутчэй скласці санкцыйны спіс.
Беларускае Радыё Рацыя