Смаргонь не спіць?
Беларусь накрыла чарговая хваля гарачыні. Звычайна горад Смаргонь такой парой “спіць”.
Жнівень. Нядзеля. “Марш Свабоды” прайшоў у Смаргоні. Проста сабралася шмат прыгожых і разумных людзей, якія зладзілі вялікі шпацыр па горадзе. З дзецьмі, шарыкамі і бел-чырвона-белымі сцягамі. Лозунгі і плакаты таксама былі. Тыпу “Міліцыя з народам” (насамрэч?) і “Не даруем Акрэсціна” (праўда жыцця?) Усё важна, усё вельмі важна… Людзі выйшлі за мір і супраць гвалту, але любы разумны чалавек ведае: размаўляць пра мір можна толькі з тым, у каго няма зброі ў руках. У адваротным выпадку размовы не атрымаецца.
Было здорова падыхаць свежым паветрам і пахадзіць па горадзе з прыгожымі людзьмі. Атмасфера такога сабе цудоўнага фэсту… Усмешкі. Размовы. “Муры” і “Перамен”, якія смела ставіла спадарыня ў сваім аўто. На ўсю гучнасць! Многім надакучыла маўчаць і баяцца, баяцца і маўчаць. Не хапала людзей з гітарамі. Не хацелася разыходзіцца! Удыхнулі? Цудоўна! Цяпер выдыхайце і згадвайце пра забітых, скалечаных і затрыманых. Ціханоўскі, Севярынец, Статкевіч і Бабарыка таксама парадаваліся б таму, што Беларусь яшчэ жыве. Што жывая. Хтосьці ўвогуле не дажыў.
Адна жанчына за 60 выгукнула маладой маці, што ішла з дзецьмі і шарыкамі: “Фашысты!” Адна на ўсю Смаргонь. З гаўбца інтэрнацкага пакоя. Узровень электарату, які трымаецца за свае “3%”. І так шмат прыязных пажылых людзей паўсюль. Адна з іх з кульбай хадзіла і казала: “Хай мяне б’юць, старую, але я за праўду!” І вазочнікі. І маладыя людзі, што бясплатна прапаноўвалі ваду. І паэты, і хатнія гаспадыні, і цырульнікі, і рабочыя, і інтэлігенты…
Вечарам на выездзе з горада быў заўважаны камаз, з якога грымела “Перамен!” Віктара Цоя і быў бачны бел-чырвона-белы сцяг. Фантасмагорыя? Праўда жыцця.
Непадалёк мірна маліліся каталікі. На свежым паветры… Праваслаўныя пакуль маўчаць. Чакаюць, што скажа ім сумленне? Або – хто пераможа?
Жыццё ідзе. Не спі, Смаргонь!