Пайшла з жыцця філосаф і літаратуразнаўца Алена Ніякоўская



17 жніўня пайшла з жыцця філосаф, педагог, літаратуразнаўца, гісторык культуры, палачанка Алена Ніякоўская.

Нарадзілася ў 1936 годзе ў Менску.

Скончыла філалагічны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выкладала з 1963 года ў Полацкім тэхнікуме Белкаапсаюза нямецкую мову, з 1974 года — у Полацкім дзяржаўным універсітэце нямецкую, англійскую, польскую, беларускую мовы, этыку, эстэтыку, релігіязнаўства, філасофію, педагогіку, псіхалогію, гісторыю культуры. Кандыдат філасофскіх навук (1984), дацэнт.

У другой палове 90-х гадоў актыўна брала ўдзел у дзейнасці Таварыства Вольных Літаратараў. Аўтар літаратуразнаўчых прац пра Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Вацлава Ластоўскага, Уладзіміра Караткевіча.

Дэбютавала некалькімі вершамі ў часопісе «Нёман» у 2-й палове 1960-х. Друкавалася ў часопісах «Калосьсе», «Arche», газетах «Культура», «Новы час», у бюлетэні «Кантакты і дыялогі». Ліставалася з Уладзімірам Караткевічам і Янкам Брылём. Асноўная літаратурная і літаратуразнаўчая спадчына Алены Ніякоўскай сабраная ў кнізе „Там, дзе буяла жыта”. 

Развітанне 19 жніўня з 12:00 да 13:30 у рытуальнай зале на тэрыторыі Наваполацкай гарадской бальніцы (уваход з боку вул. Гайдара, д. 4). Пахаванне адбудзецца 19 жніўня на Паўночных могілках а 14:00.

Беларускае Радыё Рацыя