Супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі абвясцілі страйк



17 жніўня ў Менску цэлы дзень адбывалася некалькі акцыяў пратэсту. Найперш прайшоў пікет каля будынка Белтэлерадыёкампаніі, дзе супрацоўнікі БТ абвясцілі страйк. Выступалі супрацоўнікі БТ, рабочыя МТЗ і ўсе жадаючыя.

Адным з першых з БТ быў звольнены Дзяніс Дудзінскі, які больш за месяц таму проста стаяў у чарзе ў краму Symbal.by.

Дзяніс выступіў перад пікетоўцамі і асудзіў дзеянні ўладаў. Мы паразмаўлялі з ім і запыталіся пра яго пазіцыю.

ФЦ: Чаму вы сюды прыйшлі, якая галоўная прычына?

– Мы яшчэ ў чацвер пачалі артпікет, я прыходжу сюды кожны дзень як на працу. Я прыходжу пратэставаць: заяўляць свае правы, патрабаваць праўду.

ФЦ: А чаго канкрэтна патрабуеце вы ад сябе і тэлебачання?

– Ад тэлебачання патрабуем аднаго, і маем 3 варыянты на выбар: паказаць па навінах праўду; перастаць цалкам вяшчаць (чорны экран); Лебядзінае Возера альбо любую іншую п’есу на іх варыянт.

ФЦ: Ці заўважалі вы раней фальсіфікацыі і паказванні хлусні з боку калегаў па тэлебачанні?

– Тыя, хто працягвае паказваць няпраўду, мне ўжо не калегі. А мае калегі ўжо сышлі. Ёсць яшчэ сярод іх тыя, хто вагаецца, хто за нешта чапляецца, але цалкам душою яны адчуваюць што ўсё, тэлебачання больш не існуе ў тым выглядзе, якое яно зараз.

Да пікета далучыліся сотні рабочых МТЗ. Яны таксама выказаліся пра свой удзел у страйку і акцыі пратэста.

– Мы прыйшлі прыбраць свайго прэзідэнта, ужо былога. Нам не падабаецца тое, што нам плоцяць капейкі, пенсію плоцяць мізерную. Тое, што нам палепшылі ўмовы працы – гэта не праўда! Як было так і засталося. Мы як жылі як скаты, так і жывём.

Далей калона вырушыла найперш да Міністэрства Аховы Здароўя, каб падтрымаць страйк медыкаў, а далей да Дома ўрада. Менавіта тут ужо трэці дзень збіраюцца людзі, каб данесці свае патрабаванні: вызваленне ўсіх палітвязняў, новыя свабодныя і сумленныя выбары і адстаўка адказнага за гвалтоўныя сілавыя разгоны Караева.

Далей натоўп рушыў да турмы на Валадарскага, дзе людзі патрабавалі вызвалення ўсіх затрыманых, а потым да турмы на Акрэсціна.

Францішак Цярэшка, Беларускае Радыё Рацыя