Калеснікава заклікала дзяржслужачых не быць „памагатымі зла і болю”



Не быць „памагатымі зла і болю” заклікала чыноўнікаў і іншых людзей, „якія працуюць на дзяржаву”, прадстаўнік штаба Святланы Ціханоўскай Марыя Калеснікава ў відэазвароце.

„Яшчэ застаўся той невялікі працэнт людзей, якім страшна прызнацца сабе ў тым, што яны не на тым баку… Час вызначыцца, з кім вы і за каго вы”, — сказала Калеснікава, звяртаючыся да чыноўнікаў.

„Вы за катаванні і гвалт? Вы за забойства? Вы за хлусню? Вы за бардак і хаос? Ці вы за мір, павагу, дабрабыт, за перамены, стабільнасць, за чыстае сумленне і чыстыя рукі?” — заявіла прадстаўніца штаба Ціханоўскай.

Яна адзначыла, што чыноўнікі маўчалі, „пакуль людзей прымушалі мірыцца з непажаданай уладай з дапамогай сілы”, „калі людзей падманвалі”, „кралі іх галасы і іх выбар”. „Але як можна маўчаць цяпер, пасля тысяч сведчанняў крыважэрнага гвалту, які немагчыма ўсвядоміць? Як можна маўчаць пасля смерцi і тысяч скалечаных людзей?.. Як можна быць „апалітычным” ці „нейтральным” пасля бязлітаснага генацыду беларускага народа? Як можна працаваць з гэтым рэжымам пасля гэтай калектыўнай псіхалагічнай траўмы, якая застанецца цяпер з беларусамі назаўжды?” — задала рытарычныя пытанні Калеснікава.

Яна папрасіла „ўсіх, хто хоча перайсці на бок святла”, пазначыць гэта. „Пішыце пра гэта ў вашых сацсетках, запісвайце відэа, кажыце людзям праўду… Бастуйце, звальняйцеся, але не будзьце памагатымі зла і болю. Не выконвайце злачынны загад”, – заклікала Калеснікава дзяржслужачых.

belapan.by