У Беларусі створаны Нацыянальны страйкавы камітэт
Для падтрымкі рабочых, якія бастуюць у Беларусі, створаны Нацыянальны страйкавы камітэт.
У склад камітэта ўвайшлі адзін з заснавальнікаў Фонду салідарнасці Андрэй Стрыжак, блогер Эдуард Пальчыс, а таксама IT-прадпрымальнікі Аляксандр Падгорны і Яраслаў Ліхачэўскі.
Як паведаміў БелаПАН Андрэй Стрыжак, на рахунку Фонду салідарнасці, што дапамагае беларусам, якія пацярпелі і пазбавіліся працы з-за палітычных рэпрэсій, пералічаны ўжо 1 млн долараў. Але для аказання дапамогі ўсім тым, хто мае ў гэтым патрэбу, гэтых грошай недастаткова, таму фонд звярнуўся па падтрымку да нацыянальнага бізнесу.
На гэты заклік, паведаміў Стрыжак, адгукнулася больш за 70 кампаній і індывідуальных прадпрымальнікаў. Яны возьмуць шэфства над прадпрыемствамі, якія бастуюць, а страйкамы на месцах вызначаць, каму канкрэтна патрэбная падтрымка. Гатоўнасць пракансультаваць кожны страйкам выказала юрыдычная фірма REVERA.
„Раней на бізнес вешалі стратныя калгасы. Цяпер сітуацыя мяняецца — бізнес гатовы выступаць памочнікам і падтрымкай для тых прадпрыемстваў і работнікаў, якія бастуюць”, — адзначыў Андрэй Стрыжак.
Ён падкрэсліў важнасць забастоўкі, „таму што для ўлады — гэта самы болевы пункт”. „Менавіта туды яны цяпер будуць біць. Мы робім усё магчымае, каб кансалідаваць магчымасці бізнесу і людзей, каб кожны адчуваў сябе абароненым. Перад намі доўгая дарога, але мы павінны адзін аднаго падтрымаць. Для гэтага ў нас ёсць усё — воля, час і рэсурсы”, — дадаў сузаснавальнік Фонду салідарнасці.
На гэты момант адзіным буйным прадпрыемствам краіны, дзе прынятае прынцыповае рашэнне аб забастоўцы і запушчанае спыненне вытворчасці, з’яўляецца ААТ „Беларуськалій”. Астатнія — пакуль вырашаюць пытанне аб сваім фармаце ўдзелу ў забастоўцы. Рабочыя там пратэстуюць і праводзяць мітынгі, патрабуючы адстаўкі Лукашэнкі, правядзення новых выбараў, вызвалення палітвязняў і затрыманых падчас мірных дэманстрацый, а таксама спынення самавольства сілавікоў. Аднак прадпрыемствы працягваюць працаваць.
Фота: tut.by