Мікола Казлоў: З Лукашэнкам засталіся толькі «прыкарытнікі і баязліўцы»



Каля следчага ізалятара ў Менску, так званай «валадаркі», прайшоў мітынг. Каля 500 грамадзянаў прыйшлі павіншаваць зняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага з днём нараджэння. Яго жонка, Святлана, якая ўдзельнічала ў прэзідэнцкіх выбарах замест зняволенага мужа, і магчыма, перамагла ў іх, зараз знаходзіцца ў Літве, куды выехала з -за шантажу беларускіх уладаў. На мітынгу прысутнічалі звычайныя грамадзяне, сябры ініцыятыўнай групы Ціханоўскай, беларускія палітыкі.

Так, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Казлоў у сваім выступе сказаў, што крымінальная справа супраць Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў цалкам сфальсіфікаваная:

– У адносінах да Сяргея Ціханоўскага і яго каманды блогераў на вачах ва ўсёй краіне была сфальсіфікаваная крымінальная справа. Я вам кажу гэта як супрацоўнік крымінальнага вышуку. Я бачыў усе гэтыя запісы, і я гэта бачу. Яны невінаватыя. Адзіная прычына, чаму яны знаходзяцца тут, гэта тое, што ўлада іх баялася.

І калі б Ціханоўскі і яго паплечнікі былі на свабодзе, то ўладзе было б яшчэ страшней, чым зараз. Улады добра разумеюць, што яны засталіся адныя. Народ ад іх адвярнуўся.

«Вось колькі нас каля «валадаркі». Уся краіна з Сяргеем Ціханоўскім. А з Лукашэнкам нікога, толькі «прыкарытнікі і баязліўцы», – сказаў Мікола Казлоў:

– Ён не хоча паверыць, што ў яго няма будучыні ў гэтай краіне. Ён будзе пракляты, у яго рукі па локаць у крыві. Мы гэта бачылі ўвесь апошні час. Па яго камандзе людзей білі там, дзе заставалі, незалежна ад таго, за каго яны галасавалі. Бо нікога, калі білі, не пыталіся за каго яны галасавалі. Напэўна, трапіла і тым, хто галасаваў і за Лукашэнку.

Мікола Казлоў таксама нагадаў, што Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў вялікую групу супрацоўнікаў унутраных справаў. Па словах кіраўніка АГП і былога афіцэра міліцыі Міколы Казлова, няма нічога больш дрэннага і ганебнага, чым прымаць узнагароду з крывавых рук дыктатара. Калі ў гэтым вялікім спісе ёсць людзі з афіцэрскімі гонарам і годнасцю, то яны не павінны прыняць гэтыя ўзнагароды, – заклікаў палітык.

Беларускае Радыё Рацыя