Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае і дакументуе факты катаванняў



Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае і дакументуе факты катаванняў і бесчалавечага абыходжання. Увага скіравана на тых, хто пацярпеў у выніку пратэстных акцый, якія распачаліся 9 жніўня. Гісторыі людзей стануць доказамі злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.

Менавіта сілавікі жорстка збівалі людзей. Пра гэта сведчыць мянчук Базыль Гушча, якога затрымалі АМАПаўцы 10 жніўня:

– Бачылі белыя стужкі на руках у людзей і казалі: ты за Ціханоўскую, і зноў – у плечы, у ногі. Аднаго хлопца яны сапраўды катавалі такім чынам – адзін стаў на ногі, на костку, другі стаў нагой на спіну, а трэці падсунуў яму пад нос чаравік і сказаў «цалуй». І кожны раз яны збівалі, білі, лупцавалі. Галаву павярнуў – біць, на слова адказаў не так – біць, прамаўчаў – білі. З кожнага кутка даносіліся пастаянна крыкі і стогны.

Паведаміць сваю гісторыю можна праз гугл-форму, змешчаную на сайце spring96.org. А таксама патэлефанаваць у праваабарончы цэнтр «Вясна» і дамовіцца пра сустрэчу:

+375 17 377 55 40 +375 29 841 39 81 +375 29 835 94 49 +375 44 734 45 51

Можна пакінуць свае імёны ў таямніцы.

Таксама праваабарончы цэнтр «Вясна» дапамагае складаць скаргі на дзеянні сілавікоў і прадстаўнікоў улады.

Беларускае Радыё Рацыя