Павел Латушка пракаментаваў захоп Купалаўскага тэатра сілавікамі (абноўлена)



У Купалаўскі тэатр увялі міліцыю, уваходы заблакавалі, міліцыя не прапускае акцёраў і супрацоўнікаў, якія падалі заявы на звальненне, – паведаміў звольнены дырэктар тэатра Павел Латушка.

«Гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя, каб у 21 стагоддзі ва ўстанову культуры ўводзілі сілавікоў, аб якой свабодзе мастацтва і творчасці можа быць гаворка ў такіх умовах… Але сто гадоў наш тэатр пражыў і будзе жыць далей, я ў гэтым перакананы», – сказаў Латушка.

Цяпер вядуцца праверкі памяшкання тэатра, кабінетаў і грымёрак, і супрацоўнікі хвалююцца, каб чаго не падкінулі.

На паперцы на дзвярах тэатра напісана, што ў сувязі з санітарна-эпідэміялагічнай сітуацыяй вядзецца апрацоўка ўсіх памяшканнях тэатра, а 19 і 20 жніўня абвешчаныя як выходныя дні.

Беларускае Радыё Рацыя

***

Купалаўскі тэатр заблакаваны. Як паведамляе TYT.BY, афіцыйная версія — санітарны дзень. Учора ў тэатры з’явіліся супрацоўнікі праваахоўных органаў. Сёння — людзі ў спецкасцюмах для бяспекі падчас санапрацоўкі. Канфіскуюцца дакументы. Ускрытыя ўсе кабінеты, усе грымёркі.

“Мы не нясём адказнасці за ўсё, што цяпер адбываецца ў будынку тэатра і як гэта можа быць выкарыстана супраць нас, — паведамляюць супрацоўнікі тэатра. – Мы не злачынцы. Мы не парушалі закон. Мы выказалі сваю пазіцыю. У небяспецы знаходзіцца тэатр і кожны яго супрацоўнік. На цяперашні момант сцягі знятыя з будынка тэатра. Пры спробах трапіць на працу людзі з пагонамі адмаўляюць супрацоўнікам у тлумачэнні сітуацыі і сілай выпіхваюць за дзверы”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: TYT.BY