БДІПЧ АБСЕ пра сітуацыю ў Беларусі



Усе затрыманыя на мірных акцыях пратэсту павінны быць неадкладна вызваленыя, неабходна як мага хутчэй правесці бесстаронняе расследаванне ўсіх выпадкаў парушэння правоў чалавека, гаворыцца ў заяве Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ.

„БДІПЧ глыбока ўстрывожанае адвольнымі арыштамі і паведамленнямі аб катаваннях і іншых формах жорсткага абыходжання з боку беларускіх уладаў, калі затрыманыя ўтрымліваюцца без сувязі з вонкавым светам і пазбаўленыя доступу да медыцынскага абслугоўвання і юрыдычнай кансультацыі, — гаворыцца ў заяве. — БДІПЧ асабліва занепакоенае паведамленнямі аб выпадках сэксуальнага і гендарнага гвалту, уключаючы пагрозы згвалтавання. Забарона на катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання з’яўляецца абсалютнай”.

БДІПЧ заклікае ўлады „неадкладна спыніць усе дзеянні, якія прыраўноўваюцца да катаванняў”. „Усе асобы, вінаватыя ў парушэннях правоў чалавека, павінны быць прыцягнутыя да адказнасці, а ахвярам павінна быць дадзеная належная кампенсацыя”, — падкрэсліваецца ў заяве.

БДІПЧ таксама шкадуе з прычыны адсутнасці эфектыўнага рэагавання на вартыя даверу паведамленні пра шырока распаўсюджаныя парушэнні падчас прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. „Уладам Беларусі настойліва рэкамендуецца прыняць неадкладныя меры для вырашэння праблемы адсутнасці бесстароннасці выбарчай адміністрацыі на ўсіх узроўнях, якая, як было ўстаноўлена папярэднімі назіраннямі БДІПЧ за выбарамі, знаходзіцца пад кантролем урада, — адзначаецца ў заяве. — Любы выпадак халатнасці павінен быць старанна расследаваны. Павінны быць забяспечаныя эфектыўныя сродкі прававой абароны ад усіх парушэнняў. Каб прадухіліць будучыя неправамерныя дзеянні ў гэтай галіне, БДІПЧ паўтарае даўнюю рэкамендацыю Беларусі рэфармаваць працэдуры прызначэння ўсіх выбарчых камісій з мэтай павышэння іх незалежнасці, бесстароннасці і эфектыўнасці”.

БДІПЧ таксама заяўляе пра неабходнасць дыялогу. „Як і ўсе краіны рэгіёна АБСЕ, Беларусь узяла на сябе абавязацельства адстойваць права на свабоду мірных сходаў, а таксама забяспечваць бяспеку праваабаронцаў і журналістаў і магчымасць для іх працаваць без умяшання паліцыі (у іх дзейнасць. — БелаПАН.), — адзначаецца ў заяве. — БДІПЧ уважліва сочыць за развіццём падзей у Беларусі ва ўсіх абласцях, што ахопліваюцца яго мандатам. Валодаючы дзесяцігадовым вопытам і ведамі ў галіне назірання за выбарамі і маніторынгу правоў чалавека ў краінах, якія ўваходзяць у АБСЕ, БДІПЧ спадзяецца сыграць сваю ролю ва ўмацаванні дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі на карысць усіх людзей, якія там жывуць”.

belapan.by