БДУ рыхтуецца да страйку



Студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі Беларускага Дзяржаўнага Універсітэту перадалі ў рэктарат петыцыю, пад якой падпісалася каля 300 чалавек.

Па словах грамадскага актывіста, выпускніка юрфака БДУ Міхаіла Волчака, у петыцыі выкладзены патрабаванні, якія ўжо былі агучаны пры пачатку агульнанацыянальнай забастоўкі. Подпісы пад петыцыяй збіраліся на пікеце каля галоўнага корпусу БДУ на плошчы Незалежнасці.

– Зараз каардынатар стачкаму разам з паплечніцамі і паплечнікамі перадае рэктару гэтую петыцыю. У петыцыі папярэджанне, што калі адміністрацыя не падтрымае гэтыя патрабаванні, а гэта адстаўка Лукашэнкі, гэта адстаўка ЦВК, гэта сумленныя, празрыстыя выбары, гэта вызваленне ўсіх палітзняволеных, і суды над тымі, хто гэты гвалт рабіў. Калі рэктарат не падтрымае, тады з 1 верасня пачынаецца бестэрміновая забастоўка студэнтаў і выкладчыкаў.

Пакуль рыхтуецца страйк толькі ў БДУ, але магчыма, да яго далучацца і іншыя навучальныя ўстановы Менску, – кажа Міхаіл Волчак.

Беларускае Радыё Рацыя