Генадзь Шутаў — трэцяя афіцыйна пацверджаная ахвяра пратэстаў
19 жніўня стала вядома пра смерць берасцейца Генадзя Шутава. Паводле афіцыйнай інфармацыі МУС, вечарам 11 жніўня падчас пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбраў у Берасці была выкарыстана зброя.
Чалавек быў паранены і дастаўлены ў Берасцейскую абласную бальніцу хуткай дапамогі. Ужо 13 жніўня яго ў цяжкім стане перавялі ў шпіталь Міністэрства абароны. 18 жніўня ўвечары ён памёр. Пра тое калі і дзе адбудзецца развітанне з Генадзем Шутавым, кажа ягоная дачка Настасся:
– Будзе ўсё адбывацца ў Жабінцы ў пятніцу. Дакладны час і месца мы крыху пазней паведамім. Родам ён адтуль, але сам жыў у Берасці.
РР: Нашыя спачуванні.
– Дзякуй.
Вечарам 11 жніўня ў Берасці адбылася спроба правесці акцыю пратэста ля адміністрацыі Маскоўскага раёна горада. Людзей там сабралася няшмат, у адрозненні ад папярэдніх дзён. Неўзабаве іх пачалі хапаць невядомыя, узброеныя дручкамі людзі. Тых, хто пабег, пераследавалі на мікрааўтобусах з таніраваным шклом і без нумароў. Былі і грамадзянскія аўтобусы МАЗ з людзьмі ўзброенымі дручкамі і ў касках, якія вышыхаваліся ўздоўж абодвух бакоў вуліцы Маскоўскай, насупраць адміністрацыі. Пасля таго як сцямнела, былі чутны гукі падобныя на стрэлы. У недзяржаўных СМІ прайшла інфармацыя пра тое, што паранены Генадзь Шутаў акурат знаходзіўся ў той вечар непадалёк адміністрацыі Маскоўскага раёна Берасця. У 18:09 з’явіўся допіс на афіцыйным Telegram-канале Следчага камітэта РБ з нагоды смяротнага ранення Генадзя Шутава.
Беларускае Радыё Рацыя