Меркель: У нас няма ніякіх сумненняў у масавых парушэннях падчас выбараў у Беларусі



 „Мужнасць мірных дэманстрантаў у Беларусі ўразіла нас, мы ўсе выказаліся ў іх падтрымку”, — заявіла канцлер Германіі Ангела Меркель на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў надзвычайнага саміту ЕЗ, прысвечанага сітуацыі ў Беларусі.

Згодна са словамі Меркель, яна вяла актыўныя перамовы з калегамі з іншых краін ЕЗ па беларускім пытанні. Канцлер асобна падзякавала Літве, якая прыняла „лідара апазіцыі спадарыню Ціханоўскую” і шмат зрабіла для падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці, а таксама Польшчу.

„У нас няма ніякіх сумненняў у масавых парушэннях падчас выбараў. Выбары не былі ні сумленнымі, ні свабоднымі, іх вынікі прызнаваць нельга”, — заявіла Меркель.

„У сённяшнім сумесным пасланні мы выразна асуджаем прымяненне гвалту супраць тысяч беларусаў і арышты, — адзначыла канцлер. — Мы патрабуем ад рэжыму, ад урада спадара Лукашэнкі, спыніць гвалт. Свабода меркаванняў павінна быць гарантаваная, гэтак жа як і права на дэманстрацыі. Тое ж тычыцца працы незалежных СМІ, адкуль людзі атрымліваюць інфармацыю”.

Паводле слоў Меркель, усе арыштаваныя павінны быць вызваленыя. Неабходна арганізаваць інклюзіўны дыялог з удзелам усіх зацікаўленых. „Сваю ролю магла б адыграць АБСЕ, як БДІПЧ — пры назіранні за выбарамі”, — сказала канцлер.

Яна падкрэсліла, што санкцыі ЕЗ будуць накіраваныя не супраць беларускага народа, а супраць адказных за гвалт, арышты і фальсіфікацыю выбараў.

belapan.by