„Мой бацька не з тых, хто пойдзе з кавалкам метала на людзей кідацца”
Так сказала дачка берасцейца Генадзя Шутава Настасся Баранчук у адказ на афіцыйную версію абставін смяротнага ранення ейнага бацькі.
Яна прыехала на месца здарэння да 20-ці павярховікаў на перакрыжаванні Партызанскага праспекта і вуліцы Маскоўскай у Берасці. Там, 11 жніўня 2020 года, адбыліся пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і сілавікі падчас «зачысткі» смяротна паранілі Генадзя Шутава. Людзі цяпер нясуць туды кветкі:
– Я ведаю, што такога не можа быць, я ў гэтым упэўнена. Мой бацька не з тых людзей, які пойдзе з кавалкам метала на людзей кідацца… Фінансава спрабуюць дапамагчы. Але фінансавая дапамога ў такой сітуацыі не вельмі патрэбная. Маральна спрабуюць дапамагчы. Я думаю, што мне самой будзе лягчэй справіцца. Маме яго, канешне, цяжка. Яна згубіла аднаго сына. А зараз другога забілі. А таго, хто забіў, ніхто не пакараў.
Відавочцы паведамляюць, што цягам вечара 11 жніўня і ў наступныя дні на месцы ранення Генадзя Шутава асобы ў цывільным рабілі нейкія маніпуляцыі. Аднак, калі б не звычайныя грамадзяне, то падзеі таго вечара аднавіць было б цяжка, – кажа Настасся Баранчук:
– Людзі нам выслалі відэа. Пісалі шмат. Шмат ёсць інфармацыі. І калі паглядзець, то на гэтым доме ёсць камера відэаназірання. Абслугоўвае камеру старэйшы па дому, відэа знаходзіцца ў яго. Мы не дазваніліся яму ў дамафон, ён не адчыняў. Затым нас сусед прапусціў у пад’езд, паказаў куды ісці. Але ён таксама нас не ўпусціў. Нам сказалі суседзі, што Следчы камітэт у яго ўжо быў, і ў той вечар камеры не працавалі. Праўду мы, відаць, не даведаемся. Але можа калі-небудзь.
Генадзь Шутаў стаўся трэцяй афіцыйна пацверджанай ахвярай пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Паведамленне пра яго смерць апублікавала Міністэрства аховы здароўя. Па папярэдняй інфармацыі развітанне з ім і ягонае пахаванне адбудзецца ў бліжэйшую пятніцу ў Жабінцы, дзе Генадзь нарадзіўся.
Відэа зачысткі, калі быў паранены Генадзь Шутаў.
Месца, дзе быў паранены Генадзь Шутаў.
Беларускае Радыё Рацыя