У Пінску выпусцілі пратэстоўцаў, якія праходзілі па адміністрацыйных справах
У Пінску працягваюцца акцыі салідарнасці. На працягу тыдня, штодня неабыякавыя да падзей у краіне пінчукі збіраюцца на адной з цэнтральных вуліц – Першамайскай. Калі раней “ланцуг салідарнасці” ўтваралі каля помніка “Партызанам Палесся”, то цяпер каля ўстановы “Будаўнічы трэст №2”.
Людзі не хаваюць свайго хвалявання за краіну:
– Усе гэтыя вынікі выбараў – гэта суцэльная хлусня. Вось і ўсё.
– Нам усім важна аб’яднацца ў гэтай сітуацыі і не заплюшчваць вочы на тое, як людзей незаконна саджаюць у турму, незаконна ламаюць ім рукі.
– Нас спрабуюць запужаць, каб мы маўчалі, каб мы заткнуліся. Але я, як і шматлікія тут, мы нічога не баімся.
– Палітвязнем можа стаць любы чалавек. Без суда і следства ў засценкі можа трапіць кожны.
Дзякуючы “ланцугам салідарнасці” ў Пінску, як і па ўсёй краіне, з ізалятараў і калоній выпусцілі затрыманых пратэстоўцаў, якія праходзілі па адміністрацыйных справах, але за кратамі застаюцца тыя, каму пагражае крымінальная адказнасць.
Беларускае Радыё Рацыя