У Польшчы на высокім роўні прынялі сямейную пару Цапкалаў
Міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч прыняў Валерыя і Вераніку Цапкалаў, якія ў аўторак прыехалі ў Польшчу. Як вядома, Валерый Цапкала – незарэгістараваны кандыдат у прэзідэнты Беларусі, ягоная жонка ўвайшла ў аб’яднаны штаб кандыдаткі Святланы Ціханоўскай. Чапутовіч адзначыў рашучасць беларускай грамадзянскай супольнасці і запэўніў у падтрымцы Польшчы ў рамках плана, абвешчанага прэм’ер-міністрам Матэвушам Маравецкім.
Таксама сямейная пара сустрэлася з галоўным рэдактарам „Gazety Wyborczej” Адамам Міхнікам. У адпаведным матэрыяле выданне называла сужонцаў «вядучымі беларускімі апазіцыянерамі». Вераніка Цапкала ў прыватнасці заявіла: «Мы не забудзем, што зрабіў Лукашэнка з беларускім народам на паслявыбарчым тыдні. Мы верым, што калі-небудзь суд вызначыць яго адказнасць». Валеры Цапкала падкрэсліў, што лідарам трансфармацыйных зменаў у Беларусі ёсць і будзе Святлана Ціханоўская, паколькі яна атрымала легітымнасць на выбарах, і гэтак яе павінен трактаваць свет.
Валерый і Вераніка Цапкалы ў час размовы з Адамам Міхнікам. Злева Яраслаў Курскі і Вацлаў Радзівіновіч, фота Adam Stępień / Agencja Gazeta
Беларускае Радыё Рацыя